Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 1999 г.


Валянцін Тарас, Прага

Напярэдадні падпісаньня дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, расейскі прэм'ер-міністар сустрэўся з групай пісьменьнікаў у Расейскім ПЭН-цэнтры. Цягам гэтай сустрэчы Ўладзімер Пуцін, у прыватнасьці, зноў заявіў аб тым, што аб'яднаньне, на ягоную думку, цалкам адпавядае дзяржаўным інтарэсам Расеі. Аднак, ня ўсе прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі падзяляюць падобны пункт гледжаньня. Вось што сказаў у тэлефоннай гутарцы з Прагай вядомы маскоўскі літаратар Валянцін Аскоцкі.

(Карэспандэнт: ) "Сярод пытаньняў, якія задавалі пісьменьнікі Ўладзімеру Пуціну ў ПЭН-цэнтры было й пытаньне адносна дэмакратыі ў Беларусі. Адказ быў і такі. Я цытую паводле сёньняшняга нумару газеты "Комсомольская правда". "Дапусьцім , у некага ёсьць пытаньні наконт таго, як прэзыдэнт Беларусі арганізуе палітычынае жыцьцё краіны. Але геапалітычна прасоўваньне Расеі ў Эўропу праз Саюз зь Беларусяй для Расеі карыснае. Што тычыцца канкрэтных асобаў, яны ня могуць скампрамэтаваць ідэю". Як бы вы адкамэнтаравалі гэты пасаж?"

(Аскоцкі: ) "Калі б падпісаньню саюзай дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй папярэднічаў агульнанародны рэферэндум – дарэчы, такі рэферэндум быў бы неабходны, – я асабіста адказаў бы на пытаньне рэфэрэндуму "не". І думаю – ня толькі я, але многія, у тым ліку знаёмыя мне літаратары.

У гэтай сувязі не магу не згадаць адзін эпізод. Прыкладана паўтары гады таму газэта Саюзу пісьменьнікаў Масквы "Литературные вести" зьвярнулася да пісьменьнікаў з пытаньнем наконт адносінаў да магчымага аб'яднаньня Расеі ды Беларусі. У гэтым апытаньні ўдзельнічалі Фазіль Іскандэр, Барыс Васільеў, Юры Давыдаў ды многія іншыя вядомыя пісьменьнікі. Як правіла, іхны адказ ўтрымліваў слова НЕ.

Іранічна абгрунтаваў сваё "не" вядомы расейскі актор Сяргей Юрскі, які напісаў, што падвышэньне чыгуначных тарыфаў таксама перашкаджае аб'яднаньню.

Вяртаючыся да гэтай тэмы, літаральна днямі Юры Давыдаў заявіў, што калі б прэзыдэнтам Беларусі быў бы, скажам, Васіль Быкаў, дык у яго, Юрыя Давыдава, не было б ніякага сумневу.

Пры цяперашнім стане Беларусі ён асабіста катэгарычна супраць. І я разумею такога кшталту пярэчэньні.

Пачну з таго, што гісторыя склалася такім чынам, што нацыянальная сьведамасьць беларускага народу не магла праявіцца цалкам, на поўную моц. Толькі стварыліся ўмовы для праяваў гэтай нацыянальнай сьведламасьці, зьявіліся першыя ягоныя парасткі. Дык што – будзем глушыць гэтыя парасткі?

Успамінаю адзін эпізод. Два ці тры гады таму, Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне карэспандэнта, сказаў, што ён часьцей аддае перавагу прамовам на расейскай мове перад беларускай, таму што расейскую мову ён лепш ведае. З горкай усьмешкай я падумаў: уявім сабе падобную заяву ў вуснах, скажам, прэзыдэнта Францыі Шырака, альбо канцлера ФРГ Шродэра. На гэтым бы іхная палітычная кар'ера скончылася б.

Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі такая, што ў гэтай краіне існуе дыктатарская ўлада прэзыдэнта, якая прыціскае праявы правоў і свабодаў чалавека ды адрынае беларускую нацыянальную культуру. Той факт, што вядомы беларускі пісьменьнік, сумленьне беларускай нацыі, вымушаны зараз жыць па-за межамі Беларусі, гаворыць сам за сябе.

І другі бок праблемы. Мне думаецца, што Расея ў ейным цяперашнім стане не гатовая проціпаставіць таталітарызму, які існуе ў Беларусі, проціпаставіць свае дэмакратычныя каштоўнасьці.

Я ня згодны з такім аналізам. І мне думаецца, Расеі было б карысна, калі б Беларусь была б самастойнай дэмакратычнай дзяржавай. І менавіта гэта адпавядала б геапалітычным інтарэсам Расеі".

З расейскім пісьменьнікам Валянцінам Аскоцкім гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG