Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Уладзiмер Глод, Менск

У другой палове дня 25 лiстапада дэлегацыя парлямэнтароў Чэхii, якая знаходзiлася ў Беларусі з двухдзённым вiзытам, выляцела на радзiму. Чэскія дэпутаты пакінулі Менск, не сустрэўшыся з дэпутатамі прэзыдэнцкае «Палаты прадстаўнiкоў».

Дэпутаты з Чэхii спадары Пэйн, Ластуўка й Свобада, якiя наведалi Беларусь, уваходзяць у парлямэнцкую камiсiю па мiжнародных адносiнах. Паводле iхнай iнфармацыi, паездка гэтая – плянавая, паколькi менавiта мiжнародная камiсiя займаецца дэталёвым вывучэньнем становiшча ў замежных краiнах.

Галоўным у сваёй праграме госьцi лiчаць сустрэчу з калегамi зь Вярхоўнага Савету Беларусi 13-га склiканьня. Яна адбылася ўвечары 24 лiстапада ў памяшканьнi амбасады Чэскай Рэспублiкi ў Беларусi.

Чэскiх парлямэнтарыяў найбольш цiкавiлi дзьве тэмы: наступствы падпiсаньня дамовы аб стварэньнi хаўруснае дзяржавы Беларусi й Расеi, а таксама магчымасьць правядзеньня ў Беларусi перамоваў памiж афiцыйнымi ўладамi й палiтычнай апазыцыяй.

Мячыслаў Грыб, Валеры Шчукiн, Людмiла Гразнова ды iншыя дэпутаты распавялi гасьцям пра стаўленьне Вярхоўнага Савету, палiтычных партыяў, грамадзкiх арганiзацыяў да гэтых праблемаў. Яны, у прыватнасьцi, выказалi сур'ёзныя апасеньнi наконт страты Беларусьсю незалежнасьцi й сувэрэнiтэту, а таксама вельмi скэптычна (з улiкам апошнiх дзеяньняў ураду) ацанiлi магчымасьць пачатку перамоваў з афiцыйнымi ўладамi.

Паводле Ўладзiмера Нiсьцюка, чэскiх парлямэнтарыяў асаблiва зацiкавiлi вайсковыя аспэкты беларуска-расейскае дамовы. У прыватнасьцi, гучала пэўная занепакоенасьць за лёс сваёй краiны ў сувязі зь інтэграцыяй у гэтай сфэры.

I яшчэ адна тэма нечакана для гасьцей была ўзьнятая пад час iхнае сустрэчы з калегамi зь Вярхоўнага Савету. Беларускiя дэпутаты запыталiся, цi праўда, што Чэхiя, як сьцьвярджаюць беларускiя ўлады, абяцала даць Беларусi збожжа пад гарантыю ўраджаю будучага году.

(Нісьцюк: ) «Спадар Лябедзька ўзьняў пытаньне наконт таго крэдыту, які чэхі зьбіраюцца даць пад закупку зерня Лукашэнку. Гэтае пытаньне вельмі жорстка было пастаўленае. Што гэта за крэдыт, як бачаць чэскія калегі гэта – як падтрымку рэжыму ці падтрымку беларускага народу, і вельмі складана было нашым сябрам адказаць на гэтае пытаньне, бо яны не надавалі яму такога палітычнага гучаньня. Яны неяк размаўлялі ўсё больш пра эканамічную выгоду, што ёсьць зерне, што можна было б яго пад крэдыт аддаць. Зьбянтэжана адчувалі сябе нашыя калегі».

Чэскiя парлямэнтарыi ня толькi слухалi сваiх калегаў. Яны расказалi пра формы барацьбы за свабоду й дэмакратыю, якiя ўжывалiся яшчэ ў камунiстычнай Чэхаславаччыне, у прыватнасьцi – пра масавыя акцыі ў Празе ды iншых гарадох краiны, калi людзi выходзiлi на вулiцы з запаленымi сьвечкамi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG