Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 1999 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 13 лістапада)
Эканамічны агляд тыдня нашага эканамічнага аглядальніка прафэсара Уладзімера Кулажанкі.

Мінулы тыдзень у сацыяльна-эканамічным жыцьці Беларусі быў у вышэйшай ступені тыповым для камандавай эканомікі. Пры шырокім удзеле высокіх чыноўнікаў зьбіраўся Савет міністраў, каб абмеркаваць праграму сацыяльна-эканамічнага жыцьця й будучы бюджэт. Лукашэнка правёў паседжаньне з банкірамі, па сутнасьці, з удзелам усяго ўраду. Паседжаньні як паседжаньні, але праз друк, тэлевізію і радыё ім нададзена значэньне клопату чыноўнікаў пра жыцьцё народу.

Але, калі паглядзець на адміністрацыйныя падзеі глыбей, то можна прыйсьці да супрацьлеглае высновы. С такой жа пыхаю праходзіла абмеркаваньне аналягічнае праграмы й бюджэту на 1999 год летась. Але ж атрымаўся суцэльны правал. І хоць прамысловасьць як быццам прырасла, але прадукцыя больш як на 100 трыльёнаў рублёў пайшла на склад (што горш, чым спад вытворчасьці). Гэта па-першае.

А па-другое, крэдыторская запазычанасьць гаспадарчых суб'ектаў дасягнула сёньня астранамічнае велічыні – 1180 трыльёнаў рублёў і перавысіла дэбіторскую амаль на 400 трыльёнаў рублёў.

І вось у гэтых умовах у новай праграме абвяшчаецца, што ў будучым годзе прамысловасьць узрасьце на 3%, а сельскагаспадарчая вытворчасьць – на 6%.

І гэта пры тым, што літаральна за два дні да паседжаньня прэм'ер-міністар Сяргей Лінг заявіў, што "аніякіх зьменаў у эканамічнай палітыцы ня будзе". А міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў ужо пасля паседжаньня сказаў, што дэвальвацыя беларускага рубля да сярэдзіны будучага году дасягне 1,5 мільёна рублёў за даляр. Значыць, аніякае стабілізацыі (а тым болей эканамічнага росту) нават чыноўнікі не прадбачаць.

Сапраўды, як можа прырасьціць вытворчасьць сельская гаспадарка аж на 6%, калі нарыхтавана на 29% кармоў меней, чым летась, калі чацьвертая частка зябліва не ўзараная. У 14 разоў у параўнаньні з леташнім годам павялічыліся запазычанасьці калгасаў і саўгасаў і дасягнулі 10 трыльёнаў рублёў.

Бюджэт на 2000 год таксама выглядае ня лепшым чынам.

Каб стварыць бачнасьць шырокага абмеркаваньня праграмных дакумэнтаў, адміністрацыя стварыла адмысловую камісію незалежных экспэртаў, якую ўзначаліў былы міністар эканомікі спадар Бадзей.

Экспэрты прыйшлі ў зьдіўленьне, калі пабачылі, што на фінансаваньне праваахоўных ворганаў скіравана 13% выдаткаў бюджэту. Які рэжым – такі й бюджэт.

Што датычыцца патрабаваньня А.Лукашэнкі на адмысловым паседжаньні, каб банкаўская сыстэма забясьпечыла стабілізацыю эканомікі, то яно не рэальнае.

Па-першае, трэба праз рэформы стабілізаваць рэальны сэктар гаспадаркі. Па-другое, банкаўская сыстэма ў нас не самастойная і йдзе ў хвасьце ўраду. А па-трэцяе, банкі праз адміністрацыйныя ўмяшаньні ў іхную дзейнасьць сталі губляць укладчыкаў і, болей таго, сёлета страцілі 14 мільёнаў даляраў сваіх рэзэрваў. Дык як жа яны змогуць палепшыць крэдытаваньне народнае гаспадаркі ў 2000 годзе?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG