Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Згодна з заяваю Лукашэнкі, зробленай ім пасьля сустрэчы зь Ельцыным, падоўжаны тэрмін абмеркаваньня дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы. Але ў Беларусі так званае "ўсенароднае абмеркаваньне" адбываецца традыцыйным добрахвотна-прымусовым шляхам пад наглядам вэртыкальшчыкаў.

Да ўсіх працоўных калектываў краіны, нават да дзіцячых садкоў, даведзена так званая "схэма апытаньня". Паводле словаў загадчыцы Менскага дзіцячага садку № 268 Тацяны Жыцкай, гэтая схэма прадугледжвае, прынамсі, адказ на пытаньні, колькі пададзена прапановаў да праекту дамовы, колькі выказалася "за" і "супраць" і гэтак далей.

Зьвярнуцца па тлумачэньні менавіта да яе прымусіў званок нейкага маладога чалавека ў Гэльсынскі камітэт. Ён абураўся тым, што яе суседку, супрацоўніцу гэтага садку, прымушаюць падпісаць ліст з ухвалаю праекту дамовы. Яна супраць гэтага, аднак баіцца сказаць пра сваю пазыцыю.

"Я не разумею, у чым праблема, – зьдзівілася загадчыца садку. – Мы праводзілі адмысловы сход і ніхто ня выступіў супраць дамовы. Усяго выступіла 12 чалавек.У нашым калектыву сорак восем чалавек, прысутнічала 38, бо цяжка ўсіх адначасова сабраць, нехта працуе ў другую зьмену, а вартаўнікі – у начную".

"І, між іншым, мы нікога не змушалі выказваць толькі станоўчую думку, мы навогул не зьбіралі думкі "за" ці "супраць". Галоўная задача была – сабраць прапановы. Колькасьць пададзеных прапановаў я назваць не магу, бо здала ўжо "схэму" ў раённы аддзел адукацыі, аднак, галоўную памятаю: усе выказаліся супраць таго, каб нашыя хлопцы служылі ў "гарачых кропках", – зазначыла Тацяна Жыцкая.

Начальнік аналітычнай ўправы міністэрства адукацыі Мікалай Ліс у размове са мной адмовіўся падцьвердзіць факт існаваньня нейкіх схэмаў апытаньня супрацоўнікаў падведамасных міністэрству установаў.

Зараз гэтак званае "ўсенароднае абмеркаваньне" цалкам аддадзена ў раённыя і вабласныя выканаўчыя камітэты. Кожны зь іх імкнецца першым адрапартаваць адміністрацыі Лукашэнкі (дзе прапановы зьбірае рабочая група пад кіраўніцтвам Міхала Мясьніковіча), што гэтая праца ў поўным разгары.

А Менская гарадзкая рада нават ужо адрапартавала, што абмеркаваньне правяла першай на сваёй сэсіі. Аднак старшыня рады Ўладзімер Папкоўскі адмовіўся паведаміць Радыё "Свабода" хоць нейкія падрабязнасьці гэтае працэдуры, спаслаўшыся на вялікую занятасьць.

Адрапартавалі аб правядзеньні сходаў у абмеркаваньні праектаў дамовы міністэрства транспарту Беларусі, вышэйшы гаспадарчы суд і некаторыя іншыя ўстановы.

"Усенароднае абмеркаваньне" больш нагадвае усечынавенскае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG