(эфір 14 кастрычніка)
У праект Дамовы аб утварэньні саюзнай дзяржавы, які вынесены на абмеркаваньне, унесены пункт аб стварэньні агульнай інфармацыйнай прасторы. Аднак на справе гэты працэс па-ранейшым застаецца толькі пажаданьнем. Восеньню мінулага году, калі Беларусьсю на маскоўскай міжнароднай кнігавыдавецкай выставе ўпершыню былі прадстаўленыя беларускія СМІ, у рэспубліканскім Дзяржкамдруку нарадзілася глябальная інтэграцыйная ідэя – прасунуць беларускія газэты і часопісы на расейскі рынак. Наколькі імі па-сапраўднаму зацікавяцца ў Расеі, ніхто не пралічваў. Проста кожнае выданьне заключыла дамову з «Белпоштай», а тая, у сваю чаргу, з расейскай кампаніяй «Роспечать».
Каштуе ўключэньне ў расейскі каталёг ня танна – больш як 3 тысячы расейскіх рублёў плюс 20 адсоткаў – падатак на дабаўленую вартасьць. Гэты падатак выклікае асаблівую крыўду беларускіх СМІ. Бо з расейскіх выданьняў ён не бярэцца, толькі з замежных. А трапіць у лік сваіх, нягледзячы ні на якія інтаграцыйныя дамовы, так і не ўдаецца.
Былі спадзяваньні на тое, што выдаткі акупяцца шляхам падпіскі (яна распачатая з гэтага году). Аднак, як паведаміла нашаму радыё начальнік інфармацыйна-аналітычнага упраўленьня Дзяржкамдруку Лілія Ананіч, яны не апраўдаліся. Падпісаліся на беларускія СМІ лічаныя расейцы. І гэта пры тым, што ва ўсерасейскім каталёгу прадстаўленыя ўсе афіцыйныя газэты й часопісы, а зь недзяржаўных – «Белорусская газета». Спрабавалі распаўсюджваць беларускія выданьні на чыгуначных станцыях. Калі раздавалі бясплатна – расейскія пасажыры ахвотна бралі іх. А калі за грошы – перавагу аддавалі сваім, расейскім выданьням. Лілія Ананіч прызнае, што прычына тут ня толькі эканамічная: расейскія выданьні і зьместам і паліграфічным афармленьнем значна пераўзыходзяць беларускія. У Расеі дзяржава дае ўсім СМІ пэўныя ільготы,і гэта дапамагае ім ня толькі выжываць, але й разьвівацца. У Беларусі дзяржаўную падтрымку маюць толькі дзяржаўныя выданьні, але адначасова, яны знаходзяцца пад шчыльным кантролем улады. Нават, калі беларускія СМІ атрымаюць ад свайго ці расейскага ўраду больш ільготныя умовы, гэта наўрад ці дапаможа ім прарвацца на расейскую інфармацыйную прастору. Бо ў Расеі няма таго афіцыйнага дыктату над СМІ, як у Беларусі. І доступ да крыніцаў інфармацыі там – не раўня беларускаму. Вось тут і палягае галоўная розьніца і галоўная прычына абыякавасьці расейцаў да беларускага друку ды іхнага нежаданьня ствараць агульную інфармацыйную прастору, хаця гэтая мэта пастаянна дэкляруецца. Дастаткова ўзгадаць, колькі разоў за апошнія тры гады гаварылася пра тое, што вось-вось запрацуе агульная тэлерадыёкампанія. Ці, на скрайні выпадак, зьявяцца ў тэлеэфіры сумесныя перадачы. Што праўда, старшыня Дзяржкамдруку Міхаіл Падгайны лічыць, што невыкананьне расейска-беларускіх дамоўленасьцяў тлумачыцца частай зьменай урадаў у Расеі. Кожны раз ,маўляў, трэба фактычна усё пачынаць спачатку.