Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Нядзельная аўтамабільная катастрофа, зь якой ледзьве выратаваўся лідэр апазыцыйнае Партыі Аднаўленьня Вук Драшкавіч, істотным чынам паўплывала на палітычную сытуацыю ў краіне. Інцыдэнт запачаткаваў перамовы паміж рознымі партыямі, што ў выніку можа прывесьці да аб'яднаньня апазыцыі і адхіленьня прэзыдэнта Мілошавіча ад ўлады…

На думку Алекса Тодаравіча з амэрыканскай газэты "Christian Science Monitor", хаця й няма стропрацэнтнай ўпэўненасьці, што гэта быў сапраўды арганізаваны ўладамі замах, апазыцыйныя лідэры не выключаюць такой магчымасьці.

Ня мае падставаў ня верыць ў замах сам Драшкавіч, ў прысутнасьці якога загінулі чатыры блізкія асобы. Вялікі грузавік раптоўна зьехаў са сваёй паласы і ўдарыў ў абодва аўтамабілі. Шафёр не затрымаўся на мейсцы катастрофы й зьнік. Паліцыя нібыта вядзе вышук за ім, але бязвынікова, што таксама шмат каго застанаўляе.

"Рэжым яўна пачаў паляваньне за намі, – лічыць адзін з лідэраў "Зьвязу за зьмены" Вук Абрадавіч. – Дарогі ў Югаславіі сапраўды вузкія і небясьпечныя, але гэты інцыдэнт не выглядае на звычайную выпадковасьць". "Рэжым разбурыў дзяржаву. Ён адказны за сьмерць людзей у мінулым і далей спрычыняе сьмерць", – заявіў ён у часе пахаваньня ахвяраў катастрофы. "Хай тыя, хто адказны за гэта, добра падумаюць аб выніках свайго кроку", – дадаў ён. У жалобнай цырымоніі ўзялі ўдзел каля дзьвюх тысячаў чалавек.

На думку аднаго зь югаслаўскіх журналістаў, "ня важна, ці гэта быў замах. Галоўнае, што гэтак думае Вук Драшкавіч. У часе прэсавае канфэрэнцыі ў Белградзе ён адзначыў, што й бяз гэтага інцыдэнту дастаткова доказаў перасьледу ўсякага іншадумства: закрыцьцё газэты "Глас Явності", закрыцьцё 50-ці прыватнах кавярняў, дзе зьбіраліся прыхільнікі апазыцыі, канфіскацыя 60-ці прыватнах аўтобусаў, якімі карысталіся дэманстранты, вобшукі ў кватэрах нібыта ў пошуках людзей без прапіскі. "На працягу 10-ці гадоў рэжым не дбаў пра тое, дзе людзі жывуць, а зараз раптам усё хочуць ведаць", – заявіла прадстаўнік Гэльсынскага камітэту ў Белградзе Станоявіч.

Некаторыя лідэры "Зьвязу за зьмены" поўныя рашучасьці выстаяць да канца й дасягнуць адстаўкі Мілошавіча. Владан Баціч называе прэзыдэнта "сьмецьцем, мейсца якога ў сьметніцы", але некаторыя дзеячы апазыцыі крытыкуюць таксама Драшкавіча. Яны насьцярожана ставяцца да ягонай зьменлівасьці й непасьлядоўнасьці. Лідэру найбуйнейшае, апазыцыйнае партыі не могуць таксама дараваць, што яшчэ ў пачатку гэтага году ён быў міністрам ва ўрадзе Мілошавіча, а ягоная партыя разам з сацыялістамі кантралюе сталічную гарадзкую Раду.

Апазацыя атрымала некаторую падтрымку з боку іншых колаў грамадзтва. Учора да пратэстаў далучыліся, пераважна з эканамічных меркаваньняў, 400 рабочых аўтамабільнага заводу "Застава" ў Крагуевацу. "Мы заклікаем падтрымаць нас усіх, хто галодны й незадаволены", – заклікаў лідэр мяйсцовага прафэсійнага зьвязу Нядзелькавіч.

У Белградзе быў зачытаны адкрыты ліст групы сэрбскіх паліцыянтаў, якія служылі ў Косаве. "Рэжым дрэнна абыйшоўся з намі ў Косаве і зараз спрабуе супрацьпаставіць нас нашаму ўласнаму народу. Сэрбскія паліцыянты мусяць служыць народу, а ня толькі сваім кіраўнікам", – гаварылася ў лісьце.

Паводле словаў аднаго з лідэраў "Зьвязу за зьмены" Владана Баціча, два палкоўнікі сэрбскай арміі запэўнілі яго, што "армія падтрымоўвае апазыцыю і толькі гэнэралы Паўкавіч і Ойданіч стаяць на баку Мілошавіча і ягонай жонкі Міры Марковіч".

Гэтыя аптымістычныя заявы не зьмяняюць факту, у 15-ты дзень пратэстаў на вуліцы 6-ці сэрбскіх гарадоў выйшлі агулам ня болей як 20 тысячаў чалавек: сем тысячаў у Белградзе, 10 у Новым Садзе, 5 тысячаў у Нішы. І выглядае, што колькасьць ўдзельнікаў пратэстаў рэзка не павялічыцца.

Аглядальнікі згодна цьвердзяць, што грамадзтва расчараванае апазыцыяйнымі лідэрамі, якія ня могуць дамовіцца між сабою. Таксама людзі баяцца страціць працу або падстаўляць сьпіны пад паліцэйскія дубінкі.

У кожным разе неабходнасьць кансалідацыі ўсіх антыўрадавых сілаў відавочная і апазыцыя бяз Драшкавіча ня можа абыйсьціся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG