Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня ў Менску, у часе інтэрвію агэнцыі "Интерфакс" Аляксандар Лукашэнка заявіў, што апублікаваньне праекту дамовы пра хаўрус Беларусі й Расеі і абмеркаваньне яго ў сродках масавае інфармацыі зьяўляецца расейскай праблемаю.

Пры гэтым старшыня Вышэйшае Рады "Саюзу" дзьвюх дзяржаваў, маючы на ўвазе вынікі рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гадоў падкрэсьліў, што "нам няма чаго публікаваць. Прэзыдэнт мае канстытуцыйнае права падпісываць дамову, пры тым – ейную радыкальную вэрсію", якая мае на ўвазе ўвод пасады адзінага прэзыдэнта і адзінага віцэ-прэзыдэнта, фармаваньне "саюзнага" ўраду і парляманту.

(Гэтая ініцыятыва была адрынутая прэзыдэнтам Ельцыным у часе сустрэчы з Лукашэнкам у Крамлі ў красавіку летась).

На думку Лукашэнкі, прапанаваны расейскім бокам праект новае хаўруснае дамовы "практычна нічым не адрозьніваецца ад дзейнага".

"Там толькі замянілі "Вышэйшую Раду Саюзу" на "Дзяржаўную" і так далей. Што гэта мяняе? Сорамна сёньня казаць, але гэтая дамова паводле сваіх сутнасьці й зьместу не адпавядае сваёй назве. Пра што можна гаварыць далей? Гэта сьмеху вартая паперка – а не дамова", – сказаў Лукашэнка.

У той самы час ён заявіў, што "не адмаўляецца падпісываць гэтую дамову".

"Трэба працаваць, каб да канца году, як мы зь Ельцыным і дамовіліся, падрыхтаваць і падпісаць дамову. У нас яшчэ ёсьць квартал, каб два прэзыдэнты селі за стол і дамовіліся. Ці ў стане сёньня прэзыдэнт Расеі сесьці за стол і дамовіцца? Давайце будзем гэта рабіць. Ня ў стане – трэба сказаць пра гэта шчыра", – сказаў Лукашэнка. І папярэдзіў: "Калі яе зь Ельцыным не падпішам, даруйце, я маю яшчэ час падпісаць яе з кім-небудзь".

"Але я думаю, што Ельцын павінен быць скрайне зацікаўлены сёньня падпісаць гэтую дамову на заканчэньне свайго прэзыдэнцкага тэрміну. Гэта будзе моцная палітычная акцыя, гэта будзе сапраўды для народа. Калі ідзе разлом, калі Расею спрабуюць падзяліць, паламаць яе на кавалкі, тут зьявіцца альтэрнатыва".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG