Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 верасьня 1999 г.


Сяргей Абламейка, Прага

Штогадовае пасланьне Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША (заканчэньне)

Ужо некалькі дзён мы знаёмім слухачоў зь першым пасланьнем Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША у справе датрыманьня міжнародных рэлігійных свабодаў.

4 сьнежня 1998 году, – гаворыцца ў пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – Менскі гарадзкі суд засудзіў да трох гадоў зьняволеньня з фармулёўкаю "за злоснае хуліганства" арыштаванага ў сакавіку таго ж году Пятра Гушчу, галаву аднае з галінаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае царквы. Зараз Гушча вымушаны хавацца ад турмы.

Грамадзянам Беларусі, – гаворыцца далей у дакумэнце, – не забаронена займацца празелетызмам, аднак на загад кіраўніцтва краіны Савет Міністраў Беларусі ў ліпені 95-га году пастанавіў кантраляваць рэлігійных працаўнікоў з мэтаю абароны Праваслаўя і абмежаваньня росту колькасьці пратэстанцкіх абшчынаў.

У 1997 годзе Савет Міністраў забараніў выкладаньне рэлігіі ў школе. У лютым сёлета ўрад Беларусі ў разьвіцьцё сваіх ранейшых пастановаў пастанавіў сярод іншых рэчаў, што замежныя рэлігійныя служкі могуць працаваць у Беларусі толькі паводле адмысловых запрашэньняў рэлігійных арганізацыяў, якія ўжо афіцыйна зарэгістраваныя.

Грамадзянам замежных краінаў забаронена ўзначальваць цэрквы, а ў межах тых рэлігійных групаў, якія разглядаюцца ўрадам як нетрадыцыйныя або як сэкты (да іх аднесеныя і пратэстанцкія плыні), замежнікам забаронена весьці й пастарскую дзейнасьць. Замежным місіянэрам забаронена выяўляць якую б там ні было актыўнасьць па-за межамі рэлігійных структураў, якія іх запрасілі ў краіну. Ім выдаюцца спэцыяльныя візы для "духоўнай працы" тэрмінам на адзін год, якія цяжка атрымаць нават тады, калі арганізацыя, што запрашае місіянэра, афіцыйна зарэгістраваная.

Замежныя сьвятары або іншыя рэлігійныя працаўнікі, якія спрабуюць працаваць у краіне без дазволу ўрада або без запрашэньня зарэгістраванае рэлігійнае суполкі, дэпартаваліся з краіны. У верасьні 1997 году адзін з беларускіх баптысцкіх пастараў быў арыштаваны за тое, што дазволіў замежнаму грамадзяніну ўзначаліць малітоўную групу. Пазьней ён быў вызвалены.

Высокія дзяржаўныя ўрадоўцы Беларусі, – гаворыцца далей у пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту Кангрэсу ЗША у справе датрыманьня ў сьвеце міжнардных рэлігійных свабодаў, – у тым ліку прэзыдэнт Лукашэнка, а таксама дзяржаўныя сродкі масавае інфармацыі, часам ужываюць антысэміцкія выразы ў іх атаках на апанэнтаў. У сьнежні 1998 году, крытыкуючы выканаўчага сакратара СНД Барыса Беразоўскага, прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка заявіў, што ягоная актыўнасьць "можа справакаваць антысэміцкія пагромы ў Расеі". Тады ж Лукашэнка заўважыў, што "найбольшыя антысэміты ў Расеі належаць да гэбрайскай мяншыні".

Паводле паведамленьня Ўсясьветнага Гэбрайскага Кангрэсу, у сакавіку 1998 году адзін зь беларускіх электронных сродкаў масавае інфармацыі ўключыў у сваю рэлігійную праграму сюжэт пра "Пратаколы сыёнскіх мудрацоў". Нягледзячы на пратэсты гэбрайскае супольнасьці, перадача была паўтораная ў траўні й ліпені таго ж году. Калі ў 1997 годзе была арыштаваная старшыня Нацыянальнага банку краіны Тамара Віньнікава, дзяржаўныя мэдыі спэкулявалі наконт яе папярэдняй паездкі ў Ізраіль.

Рэстытуцыя царкоўнае маёмасьці, – гаворыцца далей у пасланьні Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – застаецца ўсё яшчэ моцна абмежаванай. У краіне адсутнічае заканадаўства, якое б рэгулявала працэс вяртаньня захопленае за савецкім часам царкоўнае маёмасьці. Нешматлікія выпадкі вяртаньня царкоўных будынкаў тлумачацца найперш добрай воляю мяйсцовых уладаў. На працягу некалькіх апошніх год, да прыкладу, юдэйская супольнасьць марна дамагаецца вяртаньня некалькіх сынагогаў у Менску. Невялікі посьпех у згаданай галіне маюць і каталікі. Найбольш пасьпяховай у справе вяртаньня былых царкоўных будынкаў у дакумэнце называецца Праваслаўная царква.

У галіне грамадзкіх дачыненьняў паміж канфэсіямі краіны ў пасланьні адзначаюцца досыць міралюбныя адносіны паміж тымі зь іх, што належаць да так званых традыцыйных. У студзені 1998 году на запрашэньне Праваслаўнае Царквы ў Беларусь прыяжджаў старшыня Зьвязу каталіцкіх біскупаў і Біскупскае канфэрэнцыі эўрапейскіх краінаў дзеля абмеркаваньня праблемаў дыялёгу й супрацоўніцтва паміж Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.

Разам з тым, – гаворыцца далей у пасланьні, – сярод гэбрайскага насельніцтва краіны захоўваецца занепакоенасьць з нагоды плянаў ураду Лукашэнкі дасягнуць больш шчыльнага хаўрусу з Расеяй і апэляцыя ў зьвязку з гэтым да антысэміцкіх, нацыяналістычных груповак у Расеі. Заклікі Лукашэнкі да славянскае салідарнасьці падтрымліваюцца ў Расеі менавіта нацыяналістычнымі й фашыстоўскімі антысэміцкімі групоўкамі. У Менску, да прыкладу, свабодна дзейнічае так званы "Расейскі Нацыянальны Зьвяз", які адкрыта друкуе і распаўсюджвае сваю літаратуру. Пляны стварэньня "Вялікага славянскага зьвязу", які хацеў бы узначаліць Лукашэнка, выклікаюць сур'ёзную занепакоенасьць гэбрайскае супольнасьці Беларусі.

У заключнай частцы прысьвечанага Беларусі разьдзелу пасланьня Дзяржаўнага дэпартамэнту гаворыцца, што амбасада ЗША мае частыя кантакты зь лідэрамі беларускіх рэлігійных арганізацыяў. Сытуацыя з рэлігійнымі свабодамі ў Беларусі выклікае сур'ёзную заклапочанасьць, бо парушэньне гэтых свабодаў ёсьць часткаю палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Мяйсцовыя праваабарончыя арганізацыі, – гаворыцца далей ў заключнай частцы пасланьня, – ня маюць дастатковых сілаў дзеля кантролю рэлігійнае сытуацыі ды распаўсюджваньня рэлігійных свабодаў. Амбасада ЗША неаднаразова ўздымала пытаньні ўціску свабоды сумленьня ў кантэксьце дэмаршаў адносна парушэньяў правоў чалавека ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG