Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Ад шпіянажу да расейскай палітыкі – пад такім назовам сёньня газэта "International Herald Tribune" надрукавала камэнтар былога кіраўніка ўсходненямецкае выведкі Маркуса Вульфа. Камэнтар прысьвечаны Ўладзімеру Пуціну ды іншым выхадцам сакрэтных службаў, якія выйшлі на палітычную арэну.

"Ці ў стане былы шпіён стаць добрым прэм'ерам,– задае пытаньне Маркус Вульф, шматгадовы кіраўнік замежнае выведкі Ўсходняй Нямеччыны, і адказвае,– так, можа. У любым выпадку,– лічыць Вульф,– усім нам трэба спадзявацца, што так атрымаецца з Уладзімерам Пуціным, які, як і два ягоныя папярэднікі, зьяўляецца супрацоўнікам замежнае выведкі".

"На захадзе асобы кшталту Джорджа Буша і прэм'ер міністар Ізраіля Іцхака Шаміра, якія раней служылі ў выведцы, сталі паважанамі кіраўнікамі сваіх краінаў. Таму нічога дзіўнага, што былыя ўсходнія выведнікі становяцца прэм'ерамі ці прэзыдэнтамі. Адзін з папярэднікаў Пуціна, старшыня КГБ, а пасьля кіраўнік СССР, Юры Андропаў,– піша Вульф,– быў высокакультурным чалавекам з адкрытымі палітычнымі поглядамі і шырынёю духу. Яўген Прымакоў, таксама былы кіраўнік выведкі, за непрацяглы час прэм'ерства зарабіў павагу палітыкаў у Расеі і за мяжою".

"У цэлым, шпіёны якіх я ведаў,– сьцьвярджае Вульф,– былі надзвычай начытаныя, высокаадукаваныя, палітычна інфармаваныя асобы. Кіраўнікі выведкі выдатна арыентаваліся ў ваенным, палітычным і эканамічным патэнцыяле замежных краінаў. Яны дэталёва валодаюць тактыкай падману – гэта майстэрства, якое дае вялікія перавагі для палітычных манэўраў".

"З прычыны слабога здароўя Барыса Ельцына, усё больш абавязкаў пераходзіць да прэм'ер-міністра. Аднак ягоная схільнасьць знаходзіць вінаватых робіць тэрмін прэм'ерства у Расеі ўсё карацейшым. Цяпер, калі Крэмль усё менш увагі зьвяртае на балючыя праблемы краіны, калі крымінальныя злачынствы апуталі краіну, Пуціну трэба будзе скарыстаць кампраміс у якасьці самага важнага палітычнага мэтаду,– Лічыць Вульф.– Каб дамагчыся посьпеху, на адкрытай арэне расейскае палітыкі яму трэба будзе дзейнічаць гэтаксама тонка, як у ценявым сьвеце шпіянажу".

З апошняй высновай былога галоўнага ўсходненямецкага шпіёна цяджка не пагадзіцца. Арсэнал спэцслужбаў актыўна выкарыстоўваецца сёньня ў палітычнай барацьбе і ў Маскве, і – асабліва беспардонна – у Беларусі.

А вось наўрад ці можна пагадзіцца з параўнаньнем савецкіх шпіёнаў на пасадзе кіраўнікоў дзяржавы з кіраўнікамі ЗША і Ізраілю – розьніца хаця б ў тым, што першых прызначалі, а на Захадзе дэмакратычна абіралі. Нагадаю – Маркус Вульф узначальваў усходненямецкую выведку ад 1952 да 1986 году.

Юры Андропаў нават вершы пісаў, што не перашкодзіла яму трымаць паэтаў-дысыдэнтаў у лягерох.

І, нарэшце: наконт быццам бы надзвычайнай кампэтэнтнасьці выведнікаў. Зусім магчыма, Уладзімер Пуцін добра ведаў замежныя ваенныя сакрэты й палітычныя таямніцы чужых краінаў. Аднак ён выразна прадэманстраваў свой узровень веданьня як магчымасьцяў расейскае арміі, гэтак і сытуацыі ва ўласнай краіне, калі паабяцаў за два тыдні здушыць ваенны канфлікт у Дагэстане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG