Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Пікет, які заплянавала група беларускіх палітэмігрантаў у Брусэлі, сёньня адбыўся ў прызначаны час і ў прызначаным мейсцы — ля будынку Эўрапарлямэнту. Пікетоўцы правялі сваю акцыю з нагоды заўтрашняга прыезду ў Менск расейскага прэм'ера. Яны выказалі сваё негатыўнае стаўленьне да ідэі расейска-беларускага аб'яднаньня. Вось што нам паведаміў з Брусэлю ўдзельнік і арганізатар пікету Ігар Лазарчук:

(Лазарчук: ) "Нашая акцыя пачалася прыкладна а 10:00 паводле бэльгійскага часу. Нас было чалавек дзесяць, плякаты былі з антырасейскай тэматыкаю, супраць хаўрусу з Расеяй — таму што прыяжджае ў Беларусь Пуцін, і мы палічылі, што гэта адная задача. Другая задача была — данесьці яшчэ раз інфармацыю аб крымінальнасьці рэжыма Лукашэнкі й патрабаваць не працаваць з гэтым рэжымам. Гэтую акцыю правадзілі пераважна людзі з Беларускага Народнага Фронту".

(Вядучая: ) "Ці была выяўлена якая цікаўнасьць да вашага пікету, нейкая рэакцыя на яго?"

(Лазарчук: ) "Пасьля пікету да выйшаў зь беларускай амбасады чалавек. Ён прадставіўся паслом, але называць сваё імя адмовіўся. Вось ён адказаў, што вядзе перамовы з Элізабэт Шродэр. І зараз на пытаньні ў Эўрапарлямэнце дзьве краіны: Сэрбія і Беларусь. Ён выказаўся, што яны з Элізабэт Шродэр, куруючай беларускае пытаньне, бачаць толкі адзіны шлях выхаду Беларусі — гэта дэмакратычныя выбары прэзыдэнта й парлямэнту.

Пасьля гэтага паліцыя нас папрасіла выйсьці на адмысловае мейсца, якое адведзена для маніфэстантаў — гэта такая буйная траса пасярод Эўрапарлямэнту, шмат людзей — да нас прыехалі карэспандэнты з нідэрлянцкіх і бэльгійскіх газэтаў. Назаўтра ў нас прасілі даць інтэрвію бэльгійскаму радыё. За намі, наколькі я ведаю, выступаў Усходні Тымор па сваім праблемам".

(Вядучая: ) "Вы можаце расказаць, якім чынам арганізуюцца там пікеты? Вы мусілі былі падаць заяўку — Вы кажаце, пасьля вас там быў Усходні Тымор — значыць, там ёсьць нейкі графік?"

(Лазарчук: ) "Так. Гэта такое мейсца, што ёсьць графік. Мы падаем заяўку і нам тады на пэўны час — вось зь 10:00 да 12:00 — дазваляюць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG