Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня ў Расеі групе грамадзянаў са 116 чалавек на чале зь Мікалаем Ганчаром было выдадзенае рэгістрацыйнае пасьведчаньне ініцыятыўнае групы ў правядзеньні рэфэрэндуму аб аб'яднаньні Расеі зь Беларусьсю. Пытаньне, якое прапанавана вынесьці на рэфэрэндум, фармулюецца наступным чынам: "Ці ўважаеце вы за неабходнае аб'яднаньне Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь у дэмакратычную фэдэратыўную праўную дзяржаву?". Групу грамадзянаў зарэгістравала выбарчая камісія Кіраўскае вобласьці. А ў Беларусі сёньня сябры Беларускага Народнага Фронту пікетавалі расейскую амбасаду. Такім чынам удзельнікі акцыі выказваюць сваё стаўленьне і да інтэграцыйных памкненьняў Аляксандра Лукашэнкі, і да намераў Расеі інкарпараваць Беларусь у свой склад. Пікетаваньне працягнецца й заўтра.

Пікетаваньне, якое распачолся а 16-й гадзіне паводле менскага часу, працягвалася тры гадзіны. Калі 20 сябраў БНФ, што ўдзельнічалі ў акцыі, трымалі плякаты, якія на іхную думку адлюстроўваюць сапраўдныя намеры Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Вось некаторыя зь лёзунгаў: "Хаўрус з Расеяй — гэта голад, забойствы й вайна", "Абараніце Беларусь ад расейскае імпэрыі!", "Не дазволім захапіць Беларусь!".

Удзельнікі акцыі таксама трымалі плякат, што паказвае стаўленьне ягоных аўтараў да асобы Аляксандра Лукашэнкі. На ім напісана: "Расея, забяры свайго халуя!".

Часам пікетаваньня сябры БНФ прэзэнтаалі новую налепку. На ёй намаляваны твар, у абрысах якога можна пазнаць Аляксандра Лукашэнку. Твар знаходзіцца ў чырвоным коле і перакрэсьлены чырвонай рысаю. Побач на ангельскай мове напісана: "Stop! Luka".

Пікетаваньне расейскае амбасады праходзіла без эксцэсаў. Усялякая рэакцыя з боку міліцыянтаў і службы аховы амбасады адсутнічала. Затое разгорнутыя плякаты не пакінулі абыякавымі мінакоў на вуліцы Старавіленскай.

Вось думка чалавека, які адмовіўся назваць сваё імя: "Нам увогуле лепш не аб'ядноўвацца з Расеяй — там суцэльны бандытызм. Я прыехаў ад сваякоў, якія жывуць на Смаленшчыне. Дык ведаеце што — там няма чаго есьці!"

Гаворыць беспасярэдняя ўдзельніца пікетаваньня 73-гадовая Яніна Аляксандрава:

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, чаму Вы бераце ўдзел у гэтым пікеце?"

(Аляксандрава: ) "Ну ясна чаму. Баронім Беларусь — самае галоўнае".

(Карэспандэнт: ) "А ці йснуе сёньня нейкая небясьпека для Беларусі?"

(Аляксандрава: ) "Безумоўна, небясьпека! Як толькі прыйшоў Лукашэнка, і ўвесь час была небясьпека. Расейская навала можа прыйсьці й заўтра й пасьлязаўтра".

Адзін з арганізатараў пікету, Уладзімер Юхо распавёў нашаму радыё, што гарадзкія ўлады наўмысна перашкаджалі правядзеньню акцыі. У прыватнасьці, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт у аднабаковым парадку зьменшыў колькасьць удзельнікаў са 100 да 20 чалавек.

Спадар Юхо паведаміў таксама, што пікетаваньне расейскае амбасады працягнецца заўтра. Заўтра ж удзельнікі акцыі перададуць дзьве пэтыцыі ў амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі й Расеі. Тэксты дакумэнтаў пакуль невядомы. Аднак сябра Маладога Фронту Раман Кавальчук згадзіўся пераказаць іхны зьмест:

(Кавальчук: ) "Злучаным Штатам — з просьбаю падцьвердзіць гарантыю сувэрэнітэту Беларусі, падтрымаць дэмакратычны рух і дэмакратычныя сілы ў бліжэйшы час. А Расейскай Фэдэрацыі — не падтрымліваць рэжым Лукашэнкі фінансава".

Раман Кавальчук лічыць, што правядзеньне пікету каля расейскае амбасады не застанецца па-за ўвагаю Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, а таксама, кіраўніцтва Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG