Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 ліпеня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Падчас народных гуляньняў у Менску ўчора былі затрыманыя жыхары Берасьця.

Раніцаю 21 ліпеня, як і плянавалася, некалькі дзесяткаў берасьцейцаў выехалі ў Менск, каб узяць удзел у народных гуляньнях ды разьвітацца з Аляксандрам Лукашэнкам, у якога скончыўся тэрмін знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе.

На чыгуначным вакзале Берасьця, нягледзячы на прысутнасьць у ранішні час вялікай колькасьці міліцыянтаў, абыйшлося без нечаканасьцяў. Усе жадаючыя трапіць у гэты дзень у Менск бесперашкодна занялі свае мейсцы ў вагонах. Але, па словах аднаго з удзельнікаў гэтае паездкі, Уладзімера Вялічкіна, у цягніку пэўнымі асобамі ў цывільным, пільна адсочваўся кожны крок берасьцейскіх апазыцыянэраў. Непрыемнасьці для іх пачаліся пасьля прыбыцьця цягніка ў беларускую сталіцу. На чыгуначным вакзале ў Менску міліцыянты займаліся праверкаю дакумантаў і пачалі затрымоўваць будучых удзельнікаў народных гуляньняў.

Сярод першых затрыманых апынуліся берасьцейцы Генадзь Самойленка й Васіль Барболін, а таксама спадары Шчарбінскі, Андрасюк і Фядчук. Усе пяцёра на загад падпалкоўніка міліцыі Герасімава былі дастаўленыя ў пастарунак, што месьціцца на чыгуначным вакзале. Выратоўваць берасьцейцаў на вакзал прыйшлі прадстаўнікі Беларускага гэльсынскага камітэту, пасьля чаго затрыманыя былі адпушчаныя.

Але на гэтым іхныя прыгоды ў Менску ня скончыліся. На падыходзе да Кастрычніцкага пляцу каля Паштамту двое зь берасьцейцаў — спадары Барболін і Самойленка — былі зноўку схопленыя, цяпер ужо асобамі ў цывільным, якія адмовіліся прадставіцца, і ўвогуле, вызначаліся хамскімі паводзінамі. У выніку гэтае сустрэчы спадар Барболін апынуўся ў Ленінскім РАУС, дзе й змушаны быў правесьці ўвесь астатні час. Разам зь ім у тым жа аддзеле управы нутраных справаў на працягу дня знаходзіліся яшчэ некалькі жыхароў берасьцейскага рэгіёну: спадары Самойленка, Гарчакоў, Лабко ды іншыя.

Увечары, пасьля заканчэньня асноўных мерапрыемстаў сьвята, калі пачаўся сапраўдны хапун, хваля затрыманьняў зноў не абмінула берасьцейцаў. Па дзіўным абвінавачваньні ў парушэньні правілаў дарожнага руху міліцыя схапіла Паліну Панасюк, Алену Пахун і Алеся Ярася. Усе яны трымалі на шыях бел-чырвона-белыя стужкі, што, па ўласнаму перакананьню затрыманых, і было падставаю для карных дзеяньняў міліцыянтаў. Дарэчы, спадара Ярася, які прыехаў у Менск пазьней за сваіх сяброў, таксама спачатку затрымалі на пэроне чыгуначнага вакзалу пільныя супрацоўнікі праваахоўных ворганаў.

Толькі ўначы берасьцейцы, якія праводзілі ўчорашні дзень на сьвяточных гуляньнях у Менску, каб аддзячыць Аляксандру Лукашэнку за ўсё зробленае пад час свайго прэзыдэнцтва, здолелі пасьля шматлікіх затрыманьняў, урэшце, сабрацца разам і рушылі ў родны горад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG