Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 1999 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Ці не найстражэйшыя меры бясьпекі прынятыя ў гэтыя дні ў Віцебску. На цэнтральных вуліцах горада, дзе адбываецца "Славянскі базар", круглыя суткі шпацыруюць вялікія патрулі з сабакамі, якія ахоўваюць пасады пабудоваў і сочаць за дахамі й вокнамі.

Склалася ўражаньне, што віцебскія ўлады ў гэтыя дні больш за ўсё баяцца вонкавых праяваў апазыцыйнасьці прэзыдэнту ці хоць бы нейкай непавагі да яго.

Пад час фэсту на ўсялякі выпадак павысялялі з гораду, пасадзілі ў КПЗ ці паклалі ў шпіталі людзей без дакладнага мейсца жыхарства, паразганялі жабракоў.

Што тычыцца дэмакратычнае апазыцыі, дык як даводзяць некаторыя зь яе прадстаўнікоў, у іх былі ўзятыя расьпіскі, што яны пасьля заканчэньня тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі 20 ліпеня ня будуць рабіць аніякіх проціпраўных дзеяньняў.

Хваравітыя адносіны ўладаў да гэтай даты падкрэсьлівае ейная абыякавасьць да сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. Ужо даўно дадзены дазвол на мітынг, і не зьвяртаецца асаблівае ўвагі на тое, што распаўсюджваюцца ўлёткі з запрашэньнем на мерапрыемствы. Вось і ўчора пасьля гуляньняў апазыцыі добра знаёмага віцебскім міліцыянтам Васіля Ігнаценку затрымалі ў першую чаргу не за ўлёткі, а за мяйсцовыя дэмакратычныя выданьні, якія ён раздаваў людзям. Разам зь ім была затрыманая і ягоная чатырнаццацігадовая дачка Тацяна. Пратрымаўшы Васіля й Тацяну дзьве гадзіны ў пастарунку і забраўшы паасобнікі, міліцыянты іх адпусьцілі.

Але нягледзячы на ўсе высілкі ворганаў, віцябляне сэнс падзеяў добра адчуваюць. Нагадала грамадзянам пра гэта і яшчэ адная акцыя. Якраз апоўначы, як сымбаль заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі, у самым цэнтры Віцебска залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Трохмэтровае палотнішча было падвешанае паміж апорамі маста ймя Кірава на вышыні каля 10 мэтраў ад вады. Апэрацыя прайшла пры яркім сьвятле ліхтароў у той момант, калі на масту й навокал шпацыравалі тысячы людзей. Раніцою сьцяг убачылі шматлікія госьці гораду, якія прыехалі на "Славянскі базар" і спыніліся ў гатэлі "Віцебск", моладзь, якая слухала гурты й танчыла пад іхную музыку на рок-пляцоўцы на беразе Дзьвіны. Сьцяг таксама было добра відаць і зь іншых мейсцаў гораду.

Сьцяг правісеў усю ноч, і здымаць яго ўзяліся толькі на пачатку шостай гадзіны. Міліцыя анічога ня здолела зрабіць, і на дапамогу быў пакліканы аварыйна-ратаўнічы атрад "Віцязь". Прафэсыяналы на вачох мінакоў і назіраючых з вокнаў гатэлю жыльцоў адолелі сьцяг меней чымся за пятнаццаць хвілінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG