Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 чэрвеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жыхары Магілева Віктар Янчэўскі, Анатоль Гаўрылаў і Раман Радзікоўскі прызнаныя вінаватымі ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага і ў падрыхтоўцы замаху на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Прысуд быў абвешчаны сёньня ў Вярхоўным Судзе Беларусі. Янчэўскаму суд даў 11 гадоў зьняволеньня, Гаўрылаву — 5 гадоў, Радзікоўскі атрымаў 4 гады, але да яго як да «чарнобыльца» ўжытая амністыя і ён адпушчаны з-пад варты.

Вярхоўны Суд Беларусі ўсё ж прызнаў магілеўцаў Віктара Янчэўскага, Анатоля Гаўрылава і Рамана Радзікоўскага вінаватымі ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага ды ў падрыхтоўцы замаху на прэзыдэнта Беларусі і пакараў іх зьняволеньнем у калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Віктару Янчэўскаму суд даў 11 гадоў, Анатоль Гаўрылаў атрымаў 5 гадоў зьняволеньня, Раман Радзікоўскі — 4 гады. Суд улічыў, што Радзікоўскі ўжо адседзеў за кратамі амаль палову гэтага тэрміну, а таксама што ён быў удзельнікам ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай станцыі, і ўжыў у дачыненьні да Радзікоўскага закон аб амністыі. У выніку яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Беспрацоўны Віктар Янчэўскі прызнаны вінаватым адразу паводле некалькі артыкулаў крымінальнага кодэксу, сярод якіх такія цяжкія, як «бандытызм», «падрыхтоўка тэрарыстычнага акту», «наўмыснае забойства» ды іншыя. У сукупнасьці 37-гадовы Янчэўскі атрымаў бы 38 гадоў турмы, але паводле нашага заканадаўства меншыя тэрміны паглынаюцца вялікім. Варта адзначыць, што Янчэўскі так і не прызнаў сябе вінаватым у забойстве Мікалуцкага і падрыхтоўцы замаху на прэзыдэнта. Адвакат Янчэўскага сп. Падымака пасьля працэсу заявіў, што, на ягоную думку, «віна Радзікоўскага падчас слуханьняў не была даказаная ні ў водным з эпізодаў». Між тым Андрэй Падымака і ягоны падабаронны ня ў стане аспрэчыць вэрдыкт суду, паколькі прысуд, згодна з рашэньнем судовай калегіі на чале з судзьдзём Чубкаўцом, канчатковы і касацыі не падлягае.

Другі абвінавачаны — 24-гадовы Анатоль Гаўрылаў — таксама прызнаны вінаватым у бандытызме ды падрыхтоўцы тэрактаў, але ягоныя «намаганьні» суд ацаніў ня так жорстка — Гаўрылаў адседзіць у агульнай колькасьці 5 гадоў. Цяпер вядома, што падчас сьледзтва Гаўрылаў прызнаваўся ў злачынствах і даваў паказаньні супраць Віктара Янчэўскага, але на судзе ён ад сваіх словаў адмовіўся. Праўда потым, у апошнім слове, Гаўрылаў зноў прызнаў сваю віну.

Тут варта згадаць пра яшчэ дасудовыя зьвесткі наконт зьбіцьця Гаўрылава сьледчымі з мэтай прымусіць яго даць патрэбныя паказаньні. У прыватнасьці пра гэта казала маці Гаўрылава Яўгенія Іванаўна, якая спасылалася на свайго сына.

Раман Радзікоўскі таскама быў прызнаны судом вінаватым у шэрагу злачынстваў, але ад турмы яго выратавала амністыя, пад якую ён патрапіў як «чарнобылец». Камэнтуючы вынік працэсу, Радзікоўскі заявіў: «Судзьдзя Чубкавец імкнуўся максымальна аб'ектыўна наблізіцца да праўды. Ён грунтаваўся на матэрыяле, які быў сабраны папярэднім расьсьледаваньнем». Як бачым, Радзікоўскі не заявіў напрасткі пра тое, што судзьдзя меў праўду — сказаў толькі, што ён «імкнуўся наблізіцца да праўды».

Цікава адзначыць, што на зачытаньні прысуду не было нікога з родных абвінавачваных. Прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Людміла Аўдзеева на гэты конт заявіла, што родных павінны былі паінфармаваць адвакаты. Аднак, як сказала мне маці Віктара Янчэўскага, асабіста яе ніхто не папярэджваў, што дакладна сёньня будзе абвешчаны прысуд. Тамара Антонаўна Янчэўская ня можа паверыць у віну свайго сына і паўтарае пра ягонае алібі — ён быў дома, калі прагрымеў выбух, ад якога загінуў Мікалуцкі. Жанчына кажа:

(Янчэўская:) «Вядома, ён быў дома, ён рамантаваў антэну, Трыпуцін яму дапамагаў, сьведка. Абрамава бачыла — з 2-й Паўднёвай вуліцы, яна якраз сьмецьце выносіла».

Маці Янчэўскача лічыць свайго сына невінаватым і заяўляе:

(Янчэўская:) «Я кажу: ня вечнае жыцьцё і ня вечныя ўлады. Рана ці позна праўда пераможа».

І ў канцы, бадай што, самае нечаканае. Суд так і не назваў галоўнага замоўцу забойства прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага, што прызнала і прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Людміла Аўдзеева. Паводле яе інфармацыі, дадаткова ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа, якая і павінна адказаць на пытаньне — хто даручыў Янчэўскаму, Гаўрылаву і Радзікоўскаму расправіцца зь Яўгенам Мікалуцкім? Застаецца толькі зьдзіўляцца таму, як судзьдзі без адказу на гэтае прынцыповае пытаньне асудзілі двух чалавек да турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG