Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора шэраг грамадзкіх дзеячоў Беларусі прынялі заяву пад назвай "Адказнасьць за кроў 30 траўня нясе рэжым Лукашэнкі". У ёй адзначаецца, што сілавыя структуры ўтрымліваюцца рэжымам, каб абараняць яго ад народнага гневу, а не бараніць людзей ад стыхіі.

Аўтары заявы лічаць, што рэжым ужо некалькі гадоў спрабуе здабыць сымпатыі зьбяднелага народу пры дапамозе прымітыўнага рэцэпту - спойваньня, бясплатнай раздачы піва і алкагольных напояў, у тым ліку і непаўнагадовым. Напрыканцы заявы канстатуецца: "Ніякія спробы апраўдацца ня змыюць з рэжыму Лукашэнкі бязвіннае крыві ахвяраў 30 траўня".

Дакумэнт падпісалі Лявон Баршчэўскі, Сямён Шарэцкі, Станіслаў Шушкевіч, Вінук Вячорка, Генадзь Быкаў, Сяргей Папкоў і іншыя.

Сямён Шарэцкі паведаміў, што Вярхоўны Савет дасьць загад адпаведным сваім камісіям высьветліць прычыны катастрофы і прыме адпаведныя рашэньні.

Над высьвятленьнем прычынаў трагедыі працуе і адпаведная грамадзкая камісія. Вось што распавёў нашаму радыё ейны старшыня Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "Зараз фармуецца апарат рабочы камісіі з юрыстаў і спецыялістаў, якія будуць весьці размовы, шукаць сьведкаў, і гэтак далей. Каардынацыйным цэнтрам будзе "Вясна-96", куды будзе сьцякацца асноўная інфармацыя, і тут праз яе будуць працаваць па некалькіх накірунках. Гэта прававая ацэнка, высьвятленьне фактаў і наданьне ім галоснасьці пасьля пэўнага падцьверджаньня таго ці іншага факту, і трэці накірунак, канечне, - маральная ацэнка. І латаральна сёньня-заўтра будзе зварот у прэсе да тых, хто мае што паведаміць, будуць дадзеныя каардынацыйныя тэлефоны".

(Карэспандэнт: ) Ці будзе адчынены нейкі рахунак, куды можна пераводзіць ахвяраваньні?

(Баршчэўскі: ) "Безумоўна. Такі рахунак будзе адчынены і пададзены ў прэсе".

(Карэспандэнт: ) "Учора была прынятая заява членаў камісіі і іншых грамадзкіх дзеячоў, у якой адказнасьць была ўскладзеная на рэжым Лукашэнкі. Калі сябры камісіі зрабілі такую выснову - дык навошта рабіць дасьледваньні?

(Баршчэўскі: ) "Сябры камісіі ў дадзенай сытуацыі давалі палітычную ацэнку, і эмацыйную. Хаця яна, на мой погляд, і адпавядае рэчам. У канцы 20-га стагоддзя ў Беларусі не павінна быць сытуацыі, што ўсё будзе вядома на ўзроўні чутак. Мэта камісіі - надаць галоснасьці ўсе тыя факты, якія хоць адзін чалавек хацеў бы, каб яны былі галоснымі. Каб не было так, як з тым крушэньнем электрычкі ў 1977 годзе, калі зьявілася тры радкі ў "Вячэрнім Мінску" і больш нічога. Калі загінулі больш як 50 чалавек - ня можа ня быць невінаватых".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG