Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 1999 г.


У аўторак 25 траўня Камітэт у Палітычных Пытаньнях Рады Эўропы абмяркоўваў сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, і праграму наступных дзеяньняў.

На паседжаньне камітэту быў запрошаны прадстаўнік кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску сп. Ганс-Пэтэр Кляйнэр, які паінфармаваў пра стан Беларусі пасьля праведзеных прэзыдэнцкіх выбараў, стан апазыцыі. Афіцыйны дакладчык па Беларусі сп. Вольфганг Бэрэнт таксама зрабіў прамову наконт падзеяў у краіне.

Пасежданьне Камітэту ў Палітычных Пытаньнях зьявілася працягам слуханьняў па Беларусі, што адбыліся месяц таму з удзелам апазыцыі і прэзыдэнцкіх прадстаўнікоў. Досьвед папярэдняга паседжаньня, на якім абодва бакі прывялі абсалютна супрацьлеглыя дадзеныя, магчыма паўплываў на тое, што гэтым разам ніхто зь беларусаў запрошаны ня быў. Такім чынам Палітычны Камітэт задаволіўся толькі выступам сп. Кляйнэра.

Камітэт даручыў сп. Бэрэнту падрыхтаваць даклад па Беларусі, у якім будуць прапановы наступных захадаў у дачыненьні да Беларусі. На паседжаньні камітэту прагучала таксама прапанова накіраваць у Беларусь дэлегацыю Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Пытаньні па канкрэтных датах засталіся нявырашаныя, але прагназаваць візыт дэлегацыі можна ўжо ў хуткім часе, бо, па-першае, пасьля 20 ліпеня ні аб якіх дэлегацыях у Беларусь ужо ня будзе ісьці гаворкі бяз рызыкі прызнаньня паўнамоцтваў Лукашэнкі; па-другое, той самыа Вольфганг Бэрэнт перад тым, каб штосьці прапанаваць у сваім дакладзе, павінен азнаёміцца з сытуацыяй на месцы; а па-трэцяе — наступае час адпачынкаў, а дэпутаты Парлямэнцкай Асамблеі таксама людзі і таксама як і ўсе сьмяротныя маюць у гэтым патрэбу. А Беларусь хоць і зьяўляецца экзатычнай краінай, але, на жаль, ня ў сэнсе адпачынку.

Што да сп. Кляйнэра, то той паведаміў, што ў чэрвені ў Бухарэсьце адбудзецца канфэрэнцыя АБСЭ, на якую запрошаныя дэпутаты Вярхоўнага Савету і «палаты прадстаўнікоў». Канфэрэнцыя будзе прысьвечаная парлямэнцкім выбарам у наступным годзе ў Беларусі.

Чакаецца, што пытаньне па Беларусі будзе таксама закранутае і на летняй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў чэрвені, на якую якраз прызначанае наступнае паседжаньне Камітэту ў Палітычных Пытаньнях. Не выключана, што менавіта на сэсіі і вырашыцца дакладная дата візыту дэлегацыі Рады Эўропы ў Беларусь

Інфармацыя пацьверджаная ў Прэсавым Цэнтры Рады Эўропы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG