Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 1999 г.


11 траўня ў Таварыстве Беларускай Мовы, што на вуліцы Румянцава ў Менску, шукалі бомбу. Гэтую падзею для нас пракамэнтаваў старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Карэспандэнт:) Добры вечар, Алег Анатольевіч. Раскажыце, як вы выжылі.

(Трусаў:) «Ну, у нас сытуацыя даволі камічная. Сёньня як раз цэлы дзень працаваў наш сакратарыят, таму што мы нарэшце атрымалі дазвол ад спадара Чыкіна ўпершыню на беларускай мове аж на два пікета на 25 траўня. І мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Потым ні з таго, ні зь сяго заходзяць вельмі рашуча ў наша таварыства каля дзясятка людзей у форме і ў цывільным і заяўляюць, што тут паступіў ананімны званок — ёсьць міна, і ўсей гэтай справай кіраваў намесьнік начальніка Партызанскага РАЎСу. Тут рабіўся вобыск наконт міны».

(Карэспандэнт:) Як Вы думаеце, гэта быў сур'ёзны вобыск? Там былі патрэбныя інструмэнты?

(Трусаў:) «Пэўныя інструмэнты ў іх былі. Аднак, што самае дзіўнае, жыхароў дамоў і тых суседзяў, што побач з намі жывуць, ніхто не высяляў. Гэта груба парушыла інструкцыю разьмінаваньня, бо я як археоляг ня раз разміноўваў сапраўдныя снарады з сапёрамі разам, дык я ведаю, як трэба паводзіць сябе ў такіх выпадках».

(Карэспандэнт:) Спадар Трусаў, тады як Вы лічыце, з чым зьвязаная гэтая акцыя? Ці з вашай заяўкай на пікет, або з тым, што вы бярэце ўдзел у выбарчай кампаніі?

(Трусаў:) «Справа ў тым, што, наколькі я зразумеў, мабыць, вырашылі, што тут у нас ледзь ня штаб выбарчай кампаніі. І, мабыць, шукалі тут нейкія ўлёткі, можа кампрамат. Справа ў тым, што ў нас вось што атрымалася. Спадар Кішкурын кіраўнік рэлігійнай камісіі ТБМ і ён жа кіраўнік гарадзкой камісіі па выбарах, а спадар Гюнтэр наш намесьнік у Кішкурына ў рэлігійнай камісіі ў ТБМ. І адпаведна яны бываюць тут кожны дзень, таму што займаюцца справамі ТБМ. А паколькі яны адначасова займаюцца і выбарамі, то, мабыць, вырашылі, што тут нас усіх цёплымі і возьмуць. Таму што былі людзі ў цывільным, якія яўна прыйшлі ня міну шукаць, а нешта іншае. Калі Гюнтэр запатрабаваў у іх дакумэнты, то яны хуценька зыйшл»і.

(Карэспандэнт:) Фактычна, у іх ніякіх дакумэнтаў не было?

(Трусаў:) «Канешне, і блізка не было. Яны ўсё абшукалі — вось у мяне на руках акт ёсьць, падпісаны, як кажуць, вось гэтым падпалкоўнікам і маёрам,у тым, што правераны лесьвічныя клеткі, падвальныя памяшканьні, офісы ў 18.05 — мін няма».

(Карэспандэнт:) Такім чынам, ТБМ працягвае сваю працу і яшчэ раз паведамце: якія мэты вашых пікетаў?

(Трусаў:) «Нават зачытаю гэты дакумэнт. Дарэчы, мы вельмі рады, што спадар Чыкін, нарэшце, знайшоў чалавека, які піша яму дакумэнты па-беларуску. «У Менскім гарадзкім выканаўчым камітэте разгледжаная ваша заява аб правядзеньні пікетаваньня з мэтай агітацыі за беларускамоўную адукацыю, прапаганду стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту. Вы маеце права правесьці 25 траўня 1999 году з 18.00 да 19.00 пікетаваньне дзвюма групамі з колькасьцю ўдзельнікаў да 50 чалавек на плошчы Якуба Коласа і ў Міхайлаўскім сквэры (гэта каля вакзалу). Вось такі дазвол за подпісам Чыкіна сёньня мы атрымалі. І ў гэты момант, калі мы абмяркоўвалі пікет, урываюцца людзі і пачынаюць шукаць міны. Так што, мабыць, для іх беларуская мова і ёсьць тая міна, якую яны ўсё жыццё шукаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG