Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нягледзячы на ўсе прынятыя захады, пошукі Тамары Віньнікавай пакуль не далі выніку. Пра гэта сёньня паведамляе пракуратура краіны. Між тым недзяржаўныя мэдыя заўважаюць, што пошукі былой банкіркі вядуцца вельмі неактыўна, што дадае ўпэўненасьці тым людзям, якія ад пачатку сумняваліся ў афіцыйнай вэрсіі зьнікненьня Тамары Віньнікавай.

Таямнічае зьнікненьне з сваёй кватэры ў ноч на 8 красавіка Тамары Віньнікавай абрастае новымі чуткамі і здагадкамі, тым часам як сама «бяглянка» дагэтуль ня знойдзеная. Пры гэтым узьнікненьню чутак у немалой ступені спрыяе тое, як улады шукаюць Віньнікаву.

Беларускія журналісты ўжо зьвярнулі ўвагу на дзіўныя рэчы. У прыватнасьці, міліцыянты з кантрольных пунктаў на ўездах у Менск ня маюць партрэтаў або сьпісу прыкметаў Віньнікавай. Гэта сьцьвярджаюць журналісты тэлекампаніі НТВ, якія зьвярнуліся да міліцыянтаў, што дзяжураць у самым пачатку Слуцкай шашы. Тое самае і на вакзалах. Сёньня я спэцыяльна абыйшоў чыгуначны і аўтобусны вакзалы ў Менску і пераканаўся, што, па сутнасьці, Віньнікаву ніхто не шукае. Яе партрэты нідзе ня вывешаныя. Міліцыянты ўвогуле не атрымоўвалі ніякіх загадаў наконт Віньнікавай.

Паводле зьвестак зь незалежных крыніцаў, ня маюць такіх загадаў і памежнікі. Праўда, самі яны гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць, але й не абвяргаюць. Гэтак, супрацоўнік прэсавай службы памежных войскаў сп. Ярашэнка на маё дакладнае пытаньне — ці разасланая інфармацыя пра Віньнікаву па кантрольна-прапускных пунктах, спачатку ня здолеў адказаць і папрасіў гадзіну на высьвятленьне. Аднак праз гадзіну сп. Ярашэнка заявіў, што ўвогуле нічога паведаміць мне ня можа, і паклаў трубку.

Прэсавы сакратар Міністэрства Ўнутраных Справаў Зьміцер Партон ня стаў абвяргаць прыкметаў таго, што Віньнікаву шукаюць у нейкай нязвыклай манеры. Відаць, асноўныя намаганьні ў яе пошуку прыкладаюць спэцслужбы, а ўвогуле — «гэта пракуратура абвесьціла Віньнікаву ў вышуку, вось да пракуратуры і зьвяртайцеся», — заявіў прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў.

Ягоны калега ў пракуратуры Аляксей Таранаў быў у гутарцы са мной яшчэ больш ляканічны. «Пошук ідзе, усе неабходныя захады прынятыя. Знойдзем — паведамім», — сказаў Таранаў і спыніў гутарку.

Тым часам журналісты недзяржаўных выданьняў дзеляцца самымі рознымі вэрсіямі таго, што магло здарыцца з Тамарай Віньнікавай, у тым ліку гучаць і трагічныя вэрсіі. «Народная Воля», у прыватнасьці, не называючы прозьвішча, цытуе нейкага чыноўніка з Рады Бясьпекі, які ўпэўнены, што гэта крымінальнікі выкралі Віньнікаву дзеля таго, каб зьвесьці зь ёй рахункі. Гэты спэцыяліст ня выключыў, што былой банкіркі ўжо няма сярод жывых.

Іншыя газэты больш стрымана ставяцца да лёсу Тамары Віньнікавай, але агульны тон публікацыяў на гэтую тэму — сумнеў у афіцыйнай вэрсіі, якая сьцьвярджае, што Віньнікава сама ўцякла з-пад хатняга арышту. Варта адзначыць, што дагэтуль улады нічога не зрабілі, каб гэтыя сумневы хоць крыху разьвеяць. Пакуль я ня чуў, каб нашае кіраўніцтва зьбіралася абвяргаць ці камэнтаваць зьвесткі, што міліцэйскія пасты на дарогах ня маюць указаньняў наконт Віньнікавай. «Прыйдзе такі загад — пракамэнтуем», — заявіў мне прэсавы сакратар Міністэрства Ўнутраных Справаў Зьміцер Партон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG