Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сакавіка 1999 г.


c) Свабода рэлігіі

Канстытуцыя абвяшчае свабоду рэлігіі; аднак, на практыцы ўрад абмяжоўвае гэтае права. Улады ажыцьцяўляюць пастанову Савету Міністраў 1995 году, якая кантралюе працу рэлігійных дзеячоў, гэтак спрабуючы паспрыяць Праваслаўю і прадухіліць развіцьцё эвангелічных вызнаньняў. Увогуле, замежнікам забараняецца выступаць з казаньнямі ці ўзначальваць цэрквы, прынамсі ў дачыненьні да тых зь іх, якія разглядаюцца ўладаю як «нетрадыцыйныя» рэлігіі і якія ўключаюць пратэстантаў. У сакавіку 1997 году беларускі баптысцкі пастар быў арыштаваны за дазвол іншаземцу ўзначаліць малітоўную групу, якая знаходзілася пад ягоным кіраўніцтвам. Пастар быў пасьля вызвалены. Пастанова Савету Міністраў 1997 году забараняе навучаньне рэлігіі ў маладзёвых лягерох.

Грамадзянам дазволена весьці рэлігійную прапаганду, але замежныя місіянеры ня могуць займацца рэлігійнай дзейнасьцю па-за рамкамі арганізацыі, якая іх запрасіла. Толькі тым рэлігійным арганізацыям якія ўжо зарэгістраваныя ў краіне, дазволена запрашаць сьвятароў з-за мяжы.

Замежныя рэлігійныя дзеячы, якія не зарэгістраваліся афіцыйна ці якім было адмоўлена ў дазволе на іх дзейнасьць - што часта ёсьць складанай бюракратычнай працэдурай - былі дэпартаваныя з краіны.

Урад і прэзыдэнт заахвочваюць пашырэньне ролі Праваслаўнае Царквы, што зьяўляецца, галоўным чынам, часткаю стратэгіі ўмацаваньня славянскай еднасьці ў рэгіёне. Аднак гэтыя высілкі не спынілі росту Рыма-Каталіцкае і Пратэстанцкіх цэркваў. Тым ня менш, Каталіцкая царква зазнавала цяжкасьці ў атрыманьні дазволу ад уладаў на запрашэньне дастатковай колькасьці рэлігійных дзеячоў звонку пры недахопе мясцовых сьвятароў. Паводле незалежнай справаздачы з расейскай прэсы, прэзыдэнт Лукашэнка абвясьціў Патрыярху Расейскай Праваслаўнай Царквы Аляксію ІІ, падчас візыту апошняга ў Менск напрыканцы верасьня, што хрысьціянскія каштоўнасьці павінны стацца «дзяржаўнай ідэалёгіяй Беларусі».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, ладжанай на сэмінары ў Менску ў пачатку сьнежня, Вячаслаў Савіцкі, урадовец зь Дзяржаўнага Камітэту па Рэлігійных і Нацыянальных справах, падкрэсьліў існаваньне «дэструкцыйных сэктаў» у краіне. Паводле Савіцкага, урад адмовіў ў рэгістрацыі 11-ці гэткім «сэктам». Напрыклад, улады пасьлядоўна адхілялі спробы зарэгістравацца Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Прэзыдэнт надаў Праваслаўнай Царкве асаблівыя фінансавыя перавагі, якіх ня маюць іншыя канфэсіі, і заявіў што захаваньне і развіцьцё Праваслаўнага Хрысьціянства ёсьць «маральнай неабходнасьцю». Біскупы павінны атрымаць дазвол зь Дзяржаўнага Камітэту ў Справах Рэлігіі на перамяшчэньне сьвятара-іншаземца ў іншую парафію.

Рэстытуцыя рэлігійнай маёмасьці заставалася абмежаванай на працягу году. Галоўнай перашкодай застаецца адсутнасьць законных падставаў для рэстытуцыі маёмасьці, страчанай падчас савецкага перыяду і за часам нацысцкай акупацыі. Некалькі выпадкаў звароту ўласнасьці рэлігійным абшчынам мелі адасоблены і непасьлядоўны характар, і мясцовыя ўлады ўвогуле неахвотна йдуць на супрацоўніцтва ў гэтай справе. На працягу некалькіх апошніх гадоў гэбрайская супольнасьць дамаглася посьпеху ў вяртаньні трох сінагогаў у Менску, а таксама некалькіх будынкаў па-за сталіцай. У жніўні, пасьля фундамэнтальнай рэстаўрацыі, каталіцкая супольнасьць рэкансэкравала касьцёл у Пружанах, які быў зачынены савецкімі ўладамі пасьля Другой сусьветнай вайны. Кансэкрацыйныя ўрачыстасьці ўзначальваліся былым сьвятаром гэтага касьцёла, які адседзеў 10 гадоў у зьняволеньні ў Сібіры за савецкім часам.

d) Свабода перамяшчэньня па краіне, выезду па-за межы, эміграцыі і вяртаньня на радзіму

Паводле канстытуцыі, грамадзяне маюць права падарожнічаць па краіне і жыць і працаваць дзе ім заўгодна. Усе дарослыя асобы маюць унутраны пашпарт, які служыць у якасьці асноўнага пасьведчаньня асобы і патрабуецца для падарожжа, сталага месца жыхарства, і рэгістрацыі ў гатэлях.

Хоць права выбару месца жыхарства гарантаванае законам, на практыцы яно абмежаванае. Сыстэма прапіскі захавалася ў краіне, нягледзячы на яе фармальнае скасаваньне савецкім урадам у кастрычніку 1991 году. Усе грамадзяне абавязаны зарэгістраваць сваё месца жыхарства і ня могуць зьмяніць яго без афіцыйнага дазволу. Улады больш не абмяжоўваюць фармальна колькасьць дазволаў на жыхарства ў Менску і пяці іншых абласных цэнтрах — Берасьці, Горадні, Магілёве і Гомлі. Аднак дзеля атрыманьня прапіскі грамадзянін павінен ужо мець працу ў горадзе, але каб мець легальную працу ў горадзе неабходна ўжо мець прапіску. Гэтыя кругавыя і супярэчлівыя патрабаваньні абмяжоўваюць свабоду перамяшчэньня грамадзянаў.

Пастановы ўладаў датычна ўезду і выезду патрабуюць, каб грамадзяне, якія жадаюць падарожнічаць па-за мяжу, павінны мець замежны пашпарт і «агульную» візу на выезд, якая захоўвае моц на час ад 1 да 5 гадоў. Пры наяўнасьці гэтых дакумэнтаў закон не абмяжоўвае выезд.

У лістападзе ўлады не далі Паўлу Шарамету, мясцоваму карэспандэнту Расейскага тэлебачаньня, асуджанаму на два гады умоўна па абвінавачаньні ў незаконным пераходзе мяжы , дазвол на выезд з краіны дзеля атрыманьня ўзнагароды ад Камітэту Абароны Журналістаў.

Пасьля роспуску Вярхоўнага Савету ў 1996 годзе ўлады ажыцьцяўлялі захады, скіраваныя на абмежаваньне выезду апазыцыйных палітыкаў, якія адмовіліся ўвайсьці ў новы заканадаўчы ворган, створаны рэфэрэндумам 1996 году. У сьнежні 1996 году Міністэрства Замежных Справаў абвясьціла, што тыя дэпутаты, хто не далучыўся да новага заканадаўчага воргану, ня могуць больш карыстацца дыпляматычнымі пашпартамі — не зважаючы на той факт, што гэтым асобам даваліся завярэньні ў захаваньні іх дэпутацкага статусу да сканчэньня тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў. Дыпляматычныя пашпарты не былі сканфіскаваныя, але паведамлялася, што памежнікі мелі сьпіс апазыцыянэраў, якіх яны павінны былі не выпускаць за мяжу, калі б тыя скарысталі дыпляматычныя пашпарты. Пасьля таго, як у студзені 1997 году памежнікі перашкодзілі ў выезьдзе былому старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу і дэпутату Анатолю Лябедзьку выехаць па дыпляматычных пашпартах, шмат хто з дэпутатаў распушчанага парляманту здабылі звычайныя пашпарты, зь якімі ім дазвалялася выяжджаць.

Паводле афіцыйных зьвестак, дзяржава не адмовіла ніводнаму грамадзяніну ў дазволе на эміграцыю. Аднак заканадаўства, якое абмяжоўвае права на эміграцыю для тых, хто меў доступ да «дзяржаўных таямніц», застаецца ў сіле; таксама любы грамадзянін, якога закранае крымінальнае сьледзтва, ня можа эміграваць. Тыя асобы якія хацелі б эміграваць, але атрымалі адмову, могуць абскарджваць яе праз суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG