Адміністрацыя трактарнага заводу пайшла на задавальненьне патрабаваньняў двух рабочых, якія ўчора абвясьцілі галадоўку. Галадоўка была спыненая, яе вынікамі Свабодны прафсаюз заводу застаўся задаволены. Учора ад пачатку рабочай зьмены апэратар станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем Георгі Мухін абвясьціў галадоўку. Акцыя абвяшчалася бестэрміновай - да часу, пакуль патрабаваньні ня будуць выкананыя. А яны не прадугледжвалі нечага надзвычайнага. Усяго толькі - выкананьне пунктаў калектыўнай працоўнай дамовы. Адно матэрыяльнае: выплата Мухіну кампэнсацыі за вымушаныя прастоі заводу. Іншыя датычылі дадатковага адпачынку за працу ў шкодных умовах і выдачы адмысловых сродкаў аховы, а таксама мыйных сродкаў. На працягу дня да Мухіна далучыўся старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў цэху малых сэрыяў Віктар Ладуцька. Адміністрацыя ўжыла ўсе захады, каб хваля не перакінулася ў іншыя падразьдзяленьні. Таму ўжо па абедзе быў падрыхтаваны адказ начальніка цэху галадоўшчыкам. У той самы час прайшло паседжаньне заводзкай Рады Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, якая прыняла наступную пастанову. Гаворыць Старшыня Рады Вячаслаў Козел: (Козел:) «Рада Свабоднага прафсаюзу мэталістаў падтрымлівае ініцыятывы сяброў Свабоднага прафсаюзу цэху дэталяў малых сэрыяў у абароне сваіх працоўных правоў і зьвяртае ўвагу на неабходнасьць каардынацыі сваіх дзеяньняў зь іншымі падразьдзяленьнямі. Патрабаваньне каардынацыі ўзьнікла з той прычыны, што акцыя праводзілася сябрамі Свабоднага прафсаюзу з уласнае ініцыятывы». Згаданую галадоўку можна разглядаць як адну зь першых акцыяў, якой заявіў пра сябе нядаўна створаны Страйкавы камітэт краіны, які ўзначальвае дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Сяргей Антончык. Георгі Мухін зьяўляецца ягоным намесьнікам, і ня выключана, што акцыя была праверкай таго, якімі спосабамі адміністрацыя прарэагуе на стыхійныя, хоць і ня масавыя, выступленьні. Прысутны на месцы акцыі Сяргей Антончык выказаў задаволенасьць ейнымі вынікамі: (Антончык:) «Яны дамагліся сваёй пастаўленай мэты. Гэта вынік добры. Была прапанаваная канвэерная сыстэма, калі галадоўку пачынае адзін, потым да яго далучаецца наступны чалавек, потым, калі б яны галадалі, то селі б яшчэ два чалавекі... Па-другое, учора сабраў паседжаньне Вольны прафсаюз, і гэта таксама ўзьдзейнічала на адміністрацыю. Таму ўсе разам і выканалі гэтую задачу. І самы галоўны вынік - пераадоленьне страху. Зараз у многіх цэхах, я думаю, людзі будуць зьвяртацца і да Мухіна і да кіраўнікоў Вольнага прафсаюзу. Гэта - тактыка пазытыўных крокаў, бо вельмі дрэнна, калі людзі ставяць нейкія пытаньні і не дамагаюцца». Што да адказу, дадзенага адміністрацыяй галадоўшчыкам, то там было абяцаньне правесьці атэстацыю працоўнага месца: ці можна яго аднесьці да шкодных вытворчасьцяў, а таксама абяцаньні выдаць мыйныя сродкі. На маё пытаньне, ці нельга было падобнае пытаньне вырашаць рабочым парадкам і не выносіць на галадоўку патрабаваньне мыла (да прыкладу) Сяргей Антончык адказаў: (Антончык:) «Справа наагул ня ў мыле. Мыла зьявілася пасьля таго, як людзі падыходзілі і казалі: вось у нас вось гэтага няма; і ён улучыў іхныя просьбы ў патрабаваньні». (Лазоўскі:) Але ў чым усё ж прынцыповае пытаньне? (Антончык:) «Прынцыповае ў тым, што ёсьць дакумэнт, пад якім стаіць подпіс адміністрацыі - Калектыўнае пагадненьне. Калі ад рабочых патрабуюць выкананьня законаў, то і адміністрацыя павінна выконваць свае пастановы. Гэта прынцыпова, бо наступ дыктатуры на правы людзей ідзе паступова. У людзей адваёўваюцца невялікія рэчы...» - адказаў Сяргей Антончык, маючы на ўвазе, пад невялікімі рэчамі, у тым ліку і ўмовы працы, замацаваныя ў калектыўнай працоўнай дамове. Разам з тым ён падкрэсьліў сувязь акцыі двух чалавек з намерам Страйкавага камітэту арганізаваць агульнанацыянальны страйк, калі ўрад не забясьпечыць рабочым умоваў для годнага існаваньня, якое ўлучае ў сябе заробак, умовы працы і жыцьця. (Антончык:) «Гэта толькі пачатак. Рабочыя маюць магчымасьць змагацца. Такія акцыі будуць цяпер праходзіць паўсюль, таму што масам рэгіянальных структураў, якія цяпер ствараюцца, будзе запрапанаваная цэлая тэхналёгія і цэлая хваля патрабаваньняў. Гэта даўно ўжо насьпела ў працоўных калектывах». Зусім не працяглая галадоўка на трактарным заводзе паказала, што ня ўсе сябры Свабоднага прафсаюзу яе падтрымалі ў якасьці ідэі. Яе ў нечым разглядаюць як самавольства Мухіна. Таму, з утварэньнем Страйкавага камітэту, верагодны пераход найбольш радыкальных сяброў Свабоднага прафсаюзу пад крыло новай структуры. Алесь Лазоўскі, Менскs
Самае папулярнае
1