Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

«Палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу» прыняла сёньня ў апошнім чытаньні бюджэт краіны на 1999 год.

Бюджэт зацьвярджае дзяржаўныя выдаткі ў памерах прыкладна 450 трыльёнаў рублёў. Адпаведна, даходы бюджэту мяркуецца атрымаць у памеры каля 415 трыльёнаў. Дэфіцыт складзе 33 трыльёны ці прыблізна 2% ад валавога ўнутранага прадукту. Значная частка гэтага дэфіцыту будзе пакрытая за кошт крэдыту Нацыянальнага Банку, гэта значыць - коштам эмісіі.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках зацьвярджэньня бюджэту міністар фінансаў Мікалай Корбут адзначыў, што бюджэт 1999 году ўтрая перавышае бюджэт 1998 году. Зьявіліся новыя артыкулы - фінансаваньне сельскай гаспадаркі і жыльлёвага будаўніцтва, якое раней ажыцьцяўлялася праз крэдыты Нацыянальнага Банку. Цяпер гэтыя дзяржаўныя выдаткі пазначаныя ў бюджэце. Узьняліся выдаткі на абслугоўваньне пазыкаў.

Пры гэтым бюджэт не прадугледжвае істотнага зьнешняга фінансаваньня. Міністар фінансаў узгадаў толькі аўстрыйскую крэдытную лінію на закупку мэдыкамэнтаў ды расейскі крэдыт. Крэдыт МВФ, пра які ўрад вядзе перамовы з прадстаўнікамі фонду, у бюджэт не закладзены. Дарэчы, сп. Корбут сказаў, што пэсымістычна ацэньвае пэрспэктывы атрыманьня Беларусьсю гэтага крэдыту. Паводле ягоных словаў, беларускі бок выконвае ўсе патрабаваньні, асабліва ў сфэры фінансавай палітыкі, але прадстаўнікі МВФ вылучаюць новыя патрабаваньні. «Яны чакаюць, што праз год-другі мы правалімся» - лічыць міністар Корбут. Сярод артыкулаў, па якіх прадугледжанае падвышэньне выдаткаў у параўнаньні зь мінулым годам амаль утрая - утрыманьне ворганаў дзяржаўнага кіраваньня (20 трыльёнаў рублёў).

Зь першага чытаньня, якое адбылося ў студзені, вырасьлі адлічэньні ў бюджэт Саюзу Беларусі й Расеі. Яны складуць крыху менш за 3 трыльёны рублёў. Зацьверджаныя выдаткі памерам 1 трыльён 185 мільярдаў рублёў па артыкулу «Правядзеньне выбараў і рэфэрэндуму». Журналісты пацікавіліся ў міністра Корбута, які такі рэфэрэндум мяркуецца правесьці ў 1999 годзе? Ён адказаў, што так гучыць назва артыкулу бюджэтнае намэнклятуры, а выдаткі, пазначаныя ў бюджэце, пойдуць выключна на правядзеньне выбараў у мясцовыя саветы.

«Аніякіх заначак у бюджэце няма», - сказаў міністар. І міністар, і члены «палаты прадстаўнікоў» распавядалі журналістам, як цяжка абмяркоўваўся і прымаўся бюджэт. Гэта крыху нагадвала гульню, бо паводле «канстытуцыі» 1996 году кіраўнік дзяржавы сваімі дэкрэтамі можа перарабляць дзяржаўны бюджэт як заўгодна.

Міністар фінансаў, дарэчы, прызнаў, што і ў 1997, і ў 1998 гадох гэтыя перакройкі адбываліся ў даволі істотных памерах. Хутчэй за ўсё і 1999 год ня будзе выключэньнем з гэтага правіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG