Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Афіцыйная рэакцыя на рашэньне Вярхоўнага Савету прызначыць прэзыдэнцкия выбары зводзіцца да парадаксальна процілеглых ацэнак. З аднаго боку гэтае рашэньне абвяшчаецца юрыдычна недарэчным, а з другога - дэпутатам и наогул апазыцыи праваахоўныя ворганы пагражаюць рэпрэсіямі. Магчыма падобны разнабой тлумачыцца тым, што ўладам няма чаго сказаць па сутнасьці прынятага рашэньня. Між тым на яго законнасьці найстойвае судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.

Газэта "Советская Белоруссия" сёньня назвала рашэньне Вярхоўнага Савету казусам і надрукавала побач шэраг камэнтароў афіцыйных структураў ды асобаў. Сярод іх - заява старшыні "Цэнтральнай Выбарчай Камісіі" Лідзіі Ярмошынай, прызначанай на сваю пасаду прэзыдэнтам Лукашэнкам. Утварэньне Вярхоўным Саветам Цэнтарвыбаркаму па выбарах прэзыдэнта Беларусі яна назвала махлярствам з мэтаю ўвесьці выбаршчыкаў у зман напярэданьні выбараў у мясцовыя органы ўлады.

Але галоўнае месца сярод афіцыйных водгукаў ва ўсіх афіцыйных газэтах адводзіцца паведамленьню прэсавага цэнтру генэральнай пракуратуры. Нагадаем, што размова ідзе аб папярэджаньні, у якім дзеяньні апазыцыі, а таксама Вярхоўнага Савету, расцэньваюцца як "спроба захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Свой пункт погляду выказаў сёньня ў інтэрвію для Радыё Свабода судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) "На мой погляд, рашэньне, прынятае дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня, вынесенае ў рамках Канстытуцыі 1994 году й адпаведных законаў Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй, тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта - 5 гадоў і ён ня можа працягвацца ні пры якіх абставінах. Абавязак Вярхоўнага Савету як легітымнага органу прадстаўнічай улады прызначыць выбары прэзыдэнта ў вызначаныя Канстытуцыяй тэрміны, гэта значыць не пазьней трох месяцаў да дня сканчэньня паўнамоцтваў цяперашняга прэзыдэнта Беларусі.

Я лічу, што Вярхоўны Савет выканаў свой канстытуцыйны абавязак і абсалютна законна прызначыў дату выбараў прэзыдэнта на 16 траўня 1999 году. Супярэчнасьці ў ацэнках асноўнага закону краіны ўзьніклі адразу ж пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, спасылаючыся на вынікі якога прэзыдэнт Лукашэнка ўвёў у дзеяньне новую рэдакцыю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак вынікі гэтага рэфэрэндуму не прызнаныя нідзе ў сьвеце акрамя Расеі й магчыма некалькіх азіяцкіх дзяржаваў. Дастаткова нагадаць, што ў бюлетэні для галасаваньня па пытаньнях зьмены Канстытуцыі было напісана, што вынікі галасаваньня зьяўляюцца толькі рэкамэндацыйнымі. Прэзыдэнт нягледзячы на гэта надаў ім абавязковы характар, навязаў, так бы мовіць, сваю канстытуцыю ўсяму беларускаму грамадзтву.

Варта таксама нагадаць яшчэ адну акалічнасьць. Новая рэдакцыя канстытуцыі ніяк ня можа сама па сабе працягнуць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта. Выбаршчыкі выбіралі кіраўніка дзяржавы на пяць гадоў, і па іхным заканчэньні павінны адбыцца новыя выбары. Таму новая рэдакцыя канстытуцыі ня можа быць прызнаная легітымнай і тым болей служыць падставаю для працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта яшчэ на два гады".

Сваю ацэнку рашэньню Вярхоўнага Савету выказала Міністэрства Юстыцыі Беларусі. У заяве МінЮсту, апублікаванай у афіцыйным друку, сэсія Вярхоўнага Савету трактуецца як "паседжаньне групы грамадзянаў, напрыклад, клюбу экс-дэпутатаў, якое мае значэньне толькі для саміх яго ўдзельнікаў". У сувязі з гэтым Міхаіл Пастухоў лічыць неабходным нагадаць пра наступную акалічнасьць.

(Пастухоў:) "У свой час Канстытуцыйны Суд выносіў рашэньне ў адносінах да легітымнасьці складу Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. Суд тады прызнаў, што скарачэньне колькасьці дэпутатаў пасьля пачатку працы Вярхоўнага Савету не адбіваецца на ягонай легітымнасьці. Вярхоўны Савет мае права працягваць сваю дзейнасьць у тым складзе, у якім застаўся да фармаваньня новага складу вышэйшага заканадаўчага органу. Гэтая сытуацыя паўтарылая зараз. І зноў такі, у выніку дзеяньняў прэзыдэнта, якому відаць, непатрэбны вышэйшы орган прадстаўнічай улады, здольны паўнацэнна выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі.

Вярхоўны Савет прыняў рашэньне ў тым складзе, які на сёньня ёсьць. І гэта не супярэчыць Канстытуцыі. Вярхоўны Савет абавязаны як найвышэйшы орган прадстаўнічай улады выканаць свае абавязкі перад народам і прызначыць прэзыдэнцкія выбары. Я ўпэўнены, што эўрапейскія дзяржавы і сусьветная супольнасьць таксама прызнаюць законнасьць гэтага рашэньня і больш за тое, прышлюць сваіх назіральнікаў, калі гэтыя выбары будуць арганізаваныя ў адпаведнасьці з прызначаным тэрмінам".

Што тычыцца папярэджаньня пракуратуры, яго судзьдзя Канстытуцыйнага Суду лічыць цалкам беспадстаўным. На ягоную думку Вярхоўны Савет сам валодае законнай уладай як вышэйшы орган заканадаўства, таму вінаваціць яго ў спробе перавароту проста абсурдна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG