Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць дачыненьне да зьнікненьня Зьміцера Завадзкага беларускія спэцслужбы. Вэрсія палітоляга Вэрбоўка студэнтаў шляхам шантажу: мэтады КГБ і ФСБ цалкам супадаюць


Удзельнічае: Аляксандар Патупа, Максім Шчур.

(эфір 11.07.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Сярод вэрсіяў, якія маглі б нейкім чынам патлумачыць зьнікненьне напрыканцы мінулага тыдня апэратара ГРТ Зьміцера Завадзкга ёсьць і вэрсія датычнасьці да справы спэцслужбаў Беларусі. Мы зьвярнуліся па камэнтар да старшыні назіральнага камітэту Беларускай праваабрончай канвэнцыі, прафэсара Аляксандра Патупы.

(Тарас: ) “Зьнешне гэта нагадвае абставіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара. Але ж яны палітыкі. А тут – апэратар, журналіст, магчыма, не такі вядомы, як, скажам, Павал Шарамет. У чым маглі быць зацікаўленыя спэцслужбы ў падобнай правакацыі, на Вашую думку?”

(Патупа: ) “Складанае пытаньне. Калі браць, мабыць, найбольш цікавы яго аспэкт, дык тут вось што бачыцца. Па-першае, мне ўяўляецца, што ў Беларусі ідзе барацьба паміж нашымі “органамі” і спэцслужбамі адной братняй суседняй дзяржавы. Можа, і Завадзкі ёсьць адным з вынікаў гэтай барацьбы. Я мяркую, што ён, магчыма, меў дачыненьне да здымкаў у апошнія год-два ці тры, – гэта трэба дасьледаваць, – якія тычацца вельмі магутных расейскіх груповак, мабыць, нейкіх алігархаў і г. д.

Можа, гэта й апошні фільм пра чачэнскую вайну. Але я глядзеў першую сэрыю гэтага фільма – ён даволі прарасейскі, з майго гледзішча. Я ня ведаю, што ў ім будзе далей. Мо там нешта не задавальняе нейкія чачэнскія колы.

Другая вэрсія: гэта элемэнт “піяраўскай” кампаніі (я б ёй даў назву “Бабіцкі-2”) супраць беларускага кіраўніцтва. Маўляў, вось у Беларусі робяцца нейкія дзіўныя справы, як у Чачні. Гэта, магчыма, на восень і нядрэнная піяраўская кампанія”.

Гэта была думка старшыні назіральнага камітэту Беларускай праваабарончай канвэнцыі, віцэ-прэзыдэнта Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Патупы. У адной з наступных перадачаў СС-2000 слухайце інтэрвію з Аляксандрам Патупам на тэму КГБ і прадпрымальніцтва.

У нашых перадачах мы не аднойчы гаварылі аб спробах КГБ завэрбаваць грамадзянаў Беларусі – у прыватнасьці, у асяроддзі студэнтаў, альбо журналістаў. Як мы пераканаліся, мэтады вярбоўкі ня надта адрозьніваюцца ад тых, што практыкаваліся ў былым СССР. Тыя ж мэтады практыкуюць сёньня й расейскія спэцслужбы. Яскравая ілюстрацыя на гэтую тэму зьявілася на мінулым тыдні ў брытанскай Daily Telegraph.

Газэта спасылаецца на аповяд 20-гадовага студэнта Дзьмітрыя Баркоўскага, актывіста лібэральнай партыі “Яблоко” з Санкт-Пецярбургу, які быў адлічаны з чацьвертага курсу авія- і ракетабудаўнічага факультэту Балтыйскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Перад гэтым вярбоўшчыкі з ФСБ пагражалі студэнту прызывам у войска і адпраўкай у Чачню ў выпадку адмовы ў спурацоўніцтве. Баркоўскі вырашыў апратэставаць выключэньне зь інстытуту праз суд, але выявілася, што пракуратура цалкам апраўдвае дзеяньні ФСБ і лічыць іх правільнымі зь дзяржаўнага гледзішча.

Дарэчы, нагадаве газэта, рэктар Балтыйскага ўнівэрсытэту Юры Савельеў вядомы тым, што пасьля пачатку натаўскага бамбаваньня Югаславіі ён звольніў чатырох амэрыканскіх выкладчыкаў. Акрамя таго, інстытут афіцыйна займаўся падрыхтоўкай іранскіх ваенных спэцыялістаў у галіне ракетных тэхналёгіяў.

Выпадак з Баркоўскім, – піша Daily Telegraph, – найбольш вядомы сярод прыкладаў апошняга часу, якія паказваюць, што ФСБ ды іншыя спэцслужбы, натхнёныя абраньнем былога афіцэра КГБ прэзыдэнтам Расеі, спрабуюць аднавіць поўны кантроль над жыцьцём грамадзянаў.
Сетка інфарматараў у кожным інстытуце і на кожным прадпрыемстве была ключавым элемэнтам кантролю КГБ у савецкім Саюзе, – нагадвае брытанская газэта.

Аб тым, што гэта актуальна і для сёньняшняй Беларусі, сьведчыць былы студэнт Беларускага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (у мінулым – Дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў) Максім Шчур

(Шчур: ) “Цікавасьць да студэнтаў Беларускага лінгвістычнага ўнівэрсытэту традыцыйная. Таму што яшчэ за камуністычным часам там, усё-ткі, працавалі й навучаліся замежныя студэнты, а часам і выкладчыкі. Студэнты мелі нейкія замежныя кантакты. І канешне, гэтыя кантакты спрабавалі нейкім чынам трымаць пад кантролем. Таму штат супрацоўнікаў КГБ менавіта ў нашым унівэрсытэтце быў даволі вялікі. Да таго ж, інстытут ваеннай катэдры, які мы маем, значна спрыяе вэрбоўцы. Таму што катэдра дае магчымасьць не служыць у войску. Але дзякуючы свайму статусу – фактычна, паводле сваёй спэцыяльнасьці, гэта вайсковыя перакладчыкі, – яны падпарадкаваныя замежнаму аддзелу разьведкі КГБ. І атрымліваецца, што яны – “людзі ў пагонах”, і калі яны сканчаюць гэтую ваенную катэдру, кожны, проста кожны, праходзіць суразмову і кожнаму прапануюць ісьці працаваць у КГБ. У цяперашніх варунках ад гэтай прапановы даволі цяжка адмовіцца. Таму што абяцаюць шмат – абяцаюць падтрымку пры нейкіх цяжкасьцях у далейшым з навучаньнем, уладкаваньнем на працу, атрыманьнем у Менску інтэрната, у нейкіх чыста жыцьцёвых рэчах. І яны сапраўды гэта могуць, таму што, наколькі я ведаю, супрацоўнікі КГБ маюць нейкую фіктыўную пасаду нават ва ўнівэрсытэце. Яны ўлучаныя ў штат, могуць сачыць за падзеямі і атрымліваць інфармацыю зь першых рук – ад выкладчыкаў, рэктара і г.д. Акрамя таго, шмат людзей сутыкаліся зь імі ад пачатку навучаньня. Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся ад сваіх сяброў, што яны атрымлівалі яшчэ на першым курсе прапановы завербавацца ў якасьці інфарматараў. А інфарматараў хапае”.

Гаварыў Максім Шчур, якому ўдалося пазьбегнуць вярбоўкі КГБ, і які быў вымушаны эміграваць зь Беларусі.

А зараз некаторыя навіны з жыцьця спэцслужбаў:

Як паведаміла ВВС, ізраільская выведка Масад на мінулым тыдні апынулася на мяжы страйку. Агенты спэцслужбаў заявілі, што яны незадаволеныя адсутнасьцю падтрымкі іхнай дзейнасьці ў грамадзтве. Асаблівы пратэст выкліка рашэньне ўладаў Ізраілю выдаць Швэйцарыі агента, вядомага пад пэсўданімам Ісак Бентал, які быў арыштаваны ў Бэрне ў 1998 годзе ў момант усталяваньня прылады для падслухоўваньня. Акрамя таго Бентала абвінавачваюць у пранікненьні ў краіну паводле фальшывых дакумэнтаў ды іншых супрацьпраўных дзеяньнях.

У чацьвер брытанская асацыяцыя NetMedia назвала “лепшым інтэрнэт-журналістам году” у Эўропе сэрба Міраслава Філіпавіча. Узнагароду за яго атрымалі ягоныя дзеці, паколькі сам Філіпавіч знаходзіцца ў сэрбкай турме па абвінавачаньні ў шпіянажы, яму пагражае зьняволеньне тэрмінам да 15 гадоў. Прэмію ён атырмаў за рэпартаж пра афіцэраў-сэрбаў, якія пакутуюць ад успамінаў аб зьверствах, учыненых у Косаве. Рэпартажы Філіпавіча адкрыта друкаваліся ў сеціве на старонцы “Інстытуту міру й вайны”, аднак менавіта яны сталіся падставай для абвінавачаньня Філіпавіча ў паклёпе. У бліжэйшы час вайсковы трыбунал прад’явіць яму абвінавачаньне, згодна зь якім журналісту пагражае зьняволеньне цягам 15 гадоў.

Брытанская газэта Guardian у панядзелак апублікавала артыкул пад назвай “Стары амэрыканскі шпіён паказаў усім нос з Гаваны”.
Агент ЦРУ Філіп Эйджы, які зьбег на Кубу ў 1970-м годзе, нядаўна адчыніў уласнае турыстычнае агенцтва ў Гаване з адрасам у Інтэрнэце: “Cubalinda.com”. Агентцва прапануе туры на розныя трапічныя астравы. Вэб-старонка лічыцца эўрапейскай, але зарэгістраваная і на амэрыканскім Інтэрнэт-рынку. Амэрыканскае эмбарга на гандаль з Кубай забараняе грамадзянам ЗША весьці там грашовыя апэрацыі пад пагрозай 10-ці гадоў турмы і шматтысячнага штрафу. Аднак, бізнэс у Інтэрнэце дазваляе абыйсьці гэтую праблему. Тым больш, што ў дадзеным выпадку агенцва Кубалінда зарэгістравангае як філіял фірмы, заснаванай на Багамах. Па-другое, тэарэтычна амэрыканскі турыст можна заплаціць грошы ў ЗША і падарожнічаць па Кубе з пустымі кішэнямі. Штогод прыкладна 80 тысяч амэрыканцаў нелегальна падарожнічаюць на Кубу, дзе можна абыйсьціся бяз візаў у пашпарце. Іх прыцягвае магчымасць, падобна Хэмінгуэю, лавіць рыбу ў акіяне, а таксама кубінскі ром. Дзякуючы паблісіці, якое стварылі Кубе Філіп Эйджы, а таксама гісторыя з Эліянам Ганзалесам, колькасьць такіх турыстаў можа ўзрасьці. Публікацыя ў Guardian завяршаецца словамі: ”Стары шпіён вярнуўся з холаду ды папівае ром на пляжы”.

Віталь Тарас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG