У Давосе адбываюцца паседжаньні Сусьветнага эканамічнага форуму. Штогод
у гэты швэйцарскі курортны горад прыяжджае інтэлектуальная, бізнэсовая
і палітычная эліта сьвету, каб абмеркаваць далейшыя пэрспэктывы разьвіцьця
ўсясьветнай эканомікі. Беларуская дэлегацыя сёлета не запрошаная.
У першы дзень працы Давоскага форуму група вядучых эканамістаў сьвету
правяла круглы стол, на якім абмяркоўвалася праблема пэрспэктываў разьвіцьця
эканомікі ў 2001 годзе. Галоўны вывад гэтага абмеркаваньня: на пачатку
году будзе назірацца кароткатэрміновы эканамічны спад, але агульныя гадавыя
паказчыкі будуць пазытыўнымі.
Алан Бліндэр, прафэсар эканомікі Прынстанскага ўнівэрсытэту і былы віцэ-прэзыдэнт
Амэрыканскага Цэнтральнага банку выказаў думку, што рост амэрыканскай эканомікі
ў 2001 годзе будзе на ўзроўні 2-2,5% ў параўнаньні з 5% летась.
Якуб Фрэнкель, былы старшыня Цэнтральнага банку Ізраілю, цяпер вядучы
эканаміст Міжнароднага Валютнага Фонду, таксама лічыць, што агульнага спаду
ня будзе, а будзе назірацца толькі скарачэньне вытворчасьці ў некаторых
другарадных галінах эканомікі.
Фрэнкель, які цяпер зьяўляецца адным з кіраўнікоў міжнароднай кансалтынгавай
фірмы Merrill Lynch, прагназуе, што эканамічнае разьвіцьцё сьвету паскорыцца
ў другой палове 2001 году, а наступны год будзе больш удалым.
На думку Фрэнкеля, новы імпульс эканамічнаму разьвіцьцю сьвету дасць
паскарэньне інфармацыйных плыняў, больш эфэктыўная рэалізацыя ў жыцьцё
новых навуковых дасягненьняў і лепшае рэагаваньне рынку на зьмены манэтарнай
палітыкі.
Аднак, іншы ўдзельнік дыскусіі, прафэсар Бонскага ўнівэрсытэту Юрген
фон Хаген лічыць малаверагодным, каб Цэнтральны Эўрапейскі банк зьмяніў
сваю строгую манэтарную палітыку ў сувязі з небясьпекай інфляцыі. І таму
наўрад ці Эўропа здолее замяніць ЗША ў 2001 годзе ў якасьці матору прагрэсу
ўсясьветнай гаспадаркі.
Кеннэт Курціс, віцэ-старшыня вядомай кансалтынгавай фірмы “Голдман Сакс
у Азіі” прысьвяціў сваё выступленьня пэрспэктывам разьвіцьця японскай эканомікі.
На ягоную думку ЗША і Эўропа па-ранейшаму будуць вызначаць манэтарную і
фіскальную палітыку. Японія мае толькі адзін шлях для ажыўленьня сваёй
гаспадаркі: друк значнай колькасьці новых грошаў. Але гэта прывядзе да
рэзкага паніжэньня курсу ены і выкліча інфляцыю ў краіне.
Усе ўдзельнікі дыскусіі на форуме ў Давосе згадзіліся, што вартасьць
агульнаэўрапейскай валюты эўра будзе па-ранейшаму расьці ў дачыненьні да
даляра і японскай ены ў 2001 годзе. Аднак, даляр па-ранейшаму застанецца
найбольш прывабнай валютай для глябальных інвэстараў.
Мікола Іваноў, Прага
Самае папулярнае
1