У нядзелю збольшага пачалі працу прадпрымальнікі рэчавага
рынку Рэчыцы. У Рагачове дробныя гандляры прамысловымі таварамі адновяць
працу пасьля страйку заўтра, 16 студзеня.
І рэччане, і рагачоўцы былі найбольш салідарныя ў Гомельскай вобласьці,
адстойваючы свае правы. Яны працягвалі страйк, нягледзячы на тое, што суседзі
— прадпрымальнікі Калінкавічаў, Мазыру і нават абласнога цэнтру — спынілі
свае акцыі пратэсту яшчэ 6 студзеня.
Па агульным меркаваньні, на працягласьць страйку ў Рэчыцы й Рагачове
найперш паўплывала арганізаванасьць. Якраз у Рэчыцы напрыканцы мінулага
году была створаная гарадзкая суполка Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў,
на сходзе якой дробныя гандляры ўпершыню прыйшлі да высновы, што ўціск
уладаў пагражае існаваньню дробнага бізнэсу.
У Рагачове ўтворанае Грамадзкае аб'яднаньне прадпрымальнікаў, якое ўзначаліў
Уладзімер Ціхінскі. Аб'яднаньне выступіла каардынатарам акцыі пратэсту.
Тым ня менш, агульнага задавальненьня ад страйку ў рэгіёне ў дробных
бізнэсоўцаў няма. Яны адчулі раздробленасьць і нескардынаванасьць тэрмінаў
дзеяньняў у розных гарадох краіны. Да таго ж праблемы дробных бізнэсоўцаў
на ўзроўні ўраду пакуль ня вырашаны.
Мясцовыя ўлады таксама імкнуліся не рэагаваць на акцыю пратэсту, паколькі
з-за яе не панесьлі істотных фінансавых стратаў. Паводле беларускага заканадаўства,
прадпрымальнікам зьніжаюцца падаткі на 20% толькі тады, калі яны не працуюць
14 і больш працоўных дзён.
Вось што распавяла намесьніца старшыні Рагачоўскага аб'яднаньня прадпрымальнікаў
Ала Гурэвіч:
(Гурэвіч: ) "Атрымліваецца, што мы падаткі заплацілі, а працаваць не
працавалі. Мы сваіх прыбыткаў не атрымалі, а дзяржава, за невялікім выключэньнем,
іх мела.
Трэба шукаць больш эфэктыўных захадаў для дзяржавы — каб яна адчула,
хто такія прадпрымальнікі. І каб гэтыя захады былі не такія балючыя для
самых бізнэсоўцаў. Лепей нават не працаваць месяц і не плаціць падаткаў
наогул".
Старшыня Свабоднага прафсаюзу з Рэчыцы Зураб Барбакадзэ лічыць, што
больш заўважнымі за кароткатэрміновыя страйкі могуць быць пэрыядычныя мітынгі,
на якіх прадпрымальнікі публічна заявяць гараджанам пра нявырашаныя ўладамі
праблемы.
Барбакадзэ перакананы, што ўціск, і асабліва канфіскацыя маёмасьці дробных
прадпрымальнікаў за нязначныя парушэньні, будзе ўзмацняцца: для ўладаў
— гэта адна з крыніцаў папаўненьня сродкаў на наступныя прэзыдэнцкія выбары.
Казімер Яноўскі, Рэчыца
Самае папулярнае
1