Вельмі жорсткім выракам нарэшце закончыўся сёньня ў Віцебску суд над
сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якіх абвінавачвалі ў парушэньні
парадку правядзеньня сходаў паводле Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі
Беларусь. Арганізатарам далі штраф у 150 мінімальных заробкаў - 540 тысячаў
рублёў.
Старшыня мясцовай арганізацыі АГП Алена Залеская і яе паплечнікі Анатоль
Захараў, Дзяніс Мускі і Сяргей Васенка былі затрыманыя ў Дзень правоў чалавека
10 сьнежня яшчэ да пачатку афіцыйна дазволенага пікету. Улады ў апошні
момант зьмянілі месца правядзеньня акцыі, а пісьмова паведаміць пра гэта
не паклапаціліся. У выніку арганізатарам прыйшлося зьбіраць людзей каля
бібліятэкі імя Леніна, як і было дамоўлена. За што яны і пацярпелі.
Затрыманыя яны былі людзьмі ў цывільным на чале з намесьнікам старшыні
Чыгуначнага РАУС падпалкоўнікам сп. Марзавіным, які на судзе (у якасьці
сьведкі) патлумачыў, што мае права не насіць форму і выкарыстоўваць прыватныя
машыны ў якасьці службовага транспарту для выканьня сваіх задачаў.
Судзьдзя Чыгуначнага раёну Сьвятлана Туфан на ўсіх трох паседжаньнях
відавочна з большым даверам адносілася менавіта да паказаньняў міліцыянтаў,
але на настойлівае неаднаразовае патрабаваньне грамадзянскай абаронцы Ады
Бабровай была перад давядзеньнем рашэньня вымушаная даць ёй слова.
Слова літаральна засталося ў паветры.
Пачакаўшы паўтары гадзіны судзьдзя Сьвятлана Туфан абвесьціла вырак:
Алене Залескай і Сяргею Васенку, як арганізатарам акцыі, – па 150 мінімальных
заробкаў штрафу, а Анатолю Захараву і Дзянісу Мускаму — папярэджаньні.
Напрыканцы судзьдзя дадала, што можна зьвяртацца за абскарджаньнем і
падаваць на яе ў суд, калі хто незадаволены вядзеньнем і вынікам справы.
Гэта пакараныя і зьбіраюцца зрабіць.
Алег Жукоўскі, Віцебск
Самае папулярнае
1