Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 2 студзеня)
Пачынаючы з 31 сьнежня, у Барысаве невядомыя зьдзяйсьняюць адну за другой антыўрадавыя акцыі пратэсту. Асабліва яскравай была сёньняшняя начная акцыя.

У Барысаве на пачатку першай гадзіны ночы на вачах у мінакоў невядомыя нікому маладыя хлопцы вывесілі бел-чывона-белы сьцяг на будынку тутэйшага райвыканкаму. Пасьля яны перабеглі да суседняй з будынкам раённай дошкі гонару, дзе самым кідкім архітэктурным элемэнтам быў выпілаваны з прасаванай драўніны цяперашні афіцыйны дзяржаўны герб. Хлопцы пачалі яго ўважліва аглядаць, але вартаўнік, які ахоўваў райвыканкам, высунуўся зь дзьвярэй ды прыгразіў ім: маўляў, перастаньце хуліганіць, а то выклічу нарад міліцыі. Юнакі на некалькі хвілінаў стоіліся ў зацемку, а затым у прысутнасьці цікаўных, якія сьвяткавалі Новы год каля гарадзкой елкі, хуценька аблілі герб нейкай вадкасьцю з бутэлькі і пстрыкнулі запальнічкай.

Полымя шуганула высока ўгору. Нехта крыкнуў: "Далоў дыктатуру!", а падпальшчыкі ўвокамірг зьніклі ў дварах суседніх дамоў. Разышліся і людзі, не чакаючы прыезду міліцыі на месцы здарэньня. Між іншым, гэта ўжо другая па ліку спроба зьнішчыць згаданы герб. Некалькі месяцаў таму хтосьці ягоную сярэдзіну заліў цёмна-сіняй фарбай, зь якой ён, дарэчы, праіснаваў і да сёньняшняй ночы.

Трэба зазначыць, што ў Барысаве на Новы год першай акцыяй ананімных патрыётаў стаўся надпіс на бэтонных плітах агароджы вакол гарадзкога стадыёну: "Жыве Беларусь!", але тады ж, 31 сьнежня, хтосьці замазаў графіці. Тым ня менш, раніцай 1 студзеня, якраз да пачатку страйку мясцовых прадпрымальнікаў, што тут гандлююць на рэчавым рынку, зноў жа нехта на суседняй пліце напісаў: "У ХХІ стагодзьдзе — без дыктатуры!", а пад заклікам намаляваў карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG