Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Менску прайшла буйная канфэрэнцыя “Беларусь: мадэлі будучага”. Ейныя ўдзельнікі абмеркавалі канцэпцыю разьвіцьця краіны пад назовам “Стратэгія для Беларусі”. Цікава, што Мечыслаў Грыб – вядучы канфэрэнцыі, ён жа кіраўнік рабочай групы падрыхтоўкі стратэгіі, некалькі разоў нагадваў удзельнікам дыскусіі пра тое, што канфэрэнцыя не палітычная, і яна не прысьвечаная выбарам у парлямэнт.

На кожным асобніку “Стратэгіі для Беларусі”, які атрымалі ўдзельнікі сёньняшьняй канфэрэнцыі, значыцца, што гэты дакумэнт ёсьць канцэпцыяй сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Аднак навуковы каардынатар праекту Сяргей Леўшуноў, які першым пасьля сп. Грыба атрымаў слова, адразу засяродзіў увагу прысутных на палітычных перадумовах магчымай трансфармацыі беларускага грамадзтва. Маўляў, без кардынальных зьменаў у палітычнай сытуацыі “Стратэгія” застанецца толькі прыгожым плянам для архіваў. Падтрымаў яго і Васіль Шлындзікаў, пад чыім кіраўніцтвам група навукоўцаў распрацавала шэраг эканамічных законапраектаў, што падмацоўваюць “Стратэгію”.

Аднак, і ўсе гэта цудоўна разумеюць, гэтыя рынкавыя дакумэнты не спатрэбяцца да таго часу, пакуль пры ўладзе ў Беларусі будзе Лукашэнка. Нават супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Яўген Кашароўскі – і той ускосна прызнаў такія рэаліі. Паводле ягоных словаў, хаця Беларусь і стварыла на сваёй тэрыторыі некалькі вольных зонаў з вялікімі ільготамі для замежнікаў, за ўвесь час сюды прыйшло толькі каля сямідзесяці мільёнаў даляраў. Чаму так мала? Таму, што няма заканадаўчых гарантыяў уласьніку. А наданьне адпаведнага статусу інвэстару – пытаньне ня столькі эканамічнае, колькі палітычнае. І ў гэтым сэнсе ў “Стратэгіі” не хапае пэўных распрацовак.

Гаворыць удзельнік канфэрэнцыі Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Я бачу наступныя недахопы вельмі добрай, на маю думку, канцэпцыі. Першае, Беларусь і яе нацыянальная ідэя. Другі разьдзел, Беларусь – шматканфэсійная краіна. І трэці разьдзел – Беларусь і яе суседзі. У першым разьдзеле трэба паказаць, як аўтары канцэпцыі бачаць беларускую нацыянальную ідэю. У другой частцы, зьвязанай са шматканфэсійнасьцю, трэба засьведчыць, што ў Беларусі ўсе рэлігіі роўныя, і ніякага праваслаўнага атэізму тут не павінна быць. І трэцяе, гэта Беларусь і суседзі: калі пра адносіны з Расеяй цьмяна нешта сказана, дык, напрыклад, пра адносіны з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй – нічога”.

Гэта быў удзельнік сёньняшняй канфэрэнцыі Алег Трусаў.

На думку Юрыя Хадыкі, на першы плян павінна выйсьці праблема дзяржаваўтварэньня Беларусі і ейнай незалежнасьці. Прафэсар узгадаў, што Беларускі Народны Фронт яшчэ 10 год таму распрацаваў сваю канцэпцыю разьвіцьця Беларусі, згодна з якой прадугледжвалася ня толькі палітычная, але і эканамічная незалежнасьць Беларусі. Напрыклад, праз Чарнаморска-Балтыйскі калектар можна было б захаваць энэргетычную самастойнасьць.
Як успрынялі заўвагі аўтары “Стратэгіі”, і што яны будуць рабіць далей? Гаворыць Сяргей Леўшуноў.

(Леўшуноў: ) “Гэта ўжо другая міжнародная канфэрэнцыя, якая прысьвечаная абмеркаваньню “Стратэгіі для Беларусі”. У параўнаньні з першай, мне здаецца, зараз больш дэталёва асьвятлялі праблемы, бо канцэпцыя была дапрацаваная па выніках першай канфэрэнцыі”.

Гэта быў навуковы каардынатар праекту Сяргей Леўшуноў.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG