Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У выніку рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” выявілася, што з 60 дэмакратычных прэтэндэнтаў засталіся лічаныя адзінкі. Бальшыня не была зарэгістраваныя з-за фармальных прычынаў. Як прызнаюць многія зь іх, цяпер ім застаецца толькі далучыцца да агульнаапазыцыйнае кампаніі байкоту выбараў.

На гэты момант можна лічыць, што ўнутраныя супярэчнасьці сярод апазыцыйных партыяў і палітыкаў наконт удзелу ў выбарах вычарпаныя. З дапамогаю дзеяньняў улады, якая тых апазыцыянэраў, хто выступаў супраць актыўнага байкоту выбараў, прымусіла пайсьці на пасыўны байкот. Бальшыня вылучаных кандыдатаў, якія мелі альтэрнатыўную да афіцыйнай думку, засталіся за бортам выбарчае кампаніі.

Намесьнік старшыні АГП Васіль Шлындзікаў назваў тое, як праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, наступным чынам:

(Шлындзікаў: ) “Абсалютна татальны адстрэл дэмакратычных кандыдатаў, найбольш пісьменных і падрыхтаваных для працы ў парлямэнце”.

Гэта быў Васіль Шлындзікаў.

Пра вынікі ўдзелу сябраў БСДП “Народная Грамада” ў гэтых выбарах паведамляе яе лідэр Мікола Статкевіч:

(Статеквіч: ) “З 16 чалавек партыйцаў зарэгістравана 6, 10-ці адмоўлена ў рэгістрацыі. Адмоўлена ў рэгістрацыі пераважна асобам вядомым, раскручаным у рэгіёнах, якія, я лічу, мелі вельмі добрыя шанцы на перамогу”.

Гэта быў Мікола Статкевіч.

Паводле яго словаў, калі ЦВК не зарэгіструе тых ягоных паплечнікаў, якім адмоўлена акруговымі камісіямі, дык адмовіцца ад удзелу ў выбарах і ён, аднак пяць іншых (зарэгістраваных) кандыдатаў будуць працягваць змаганьне.

Цяпер ужо можна пэўна казаць, што засталіся незарэгістраванымі бальшыня з тых, каго лічылі дэмакратычнымі кандыдатамі. І тых, хто сышоў з каманды Лукашэнкі, як Леанід Сініцын, напрыклад. Нават Аляксандар Пласкавіцкі пацярпеў ад ім жа створанай рэпрэсіўна-праўнае сыстэмы.

На думку не зарэгістраванага ў Гомлі актывіста “Народнае Грамады” Віктара Адзіночанкі, не рэгістравалі ўсіх тых, хто складаў канкурэнцыю кандыдатам ад улады, якія ідуць практычна ў кожнай акрузе.

Фармальныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі вельмі падобныя — гэта прыдзіркі да афармленьня падпісных аркушаў, выстаўленьня даты подпісу, прэтэнзіі да дэклярацыяў. Берасьцеец Анатоль Ляўковіч, напрыклад, забыў задэкляраваць 882 рублі, якія ён атрымаў за лекцыю. Леанід Злотнікаў забыўся пра 32 даляры, атрыманыя летась, што, як ён сказаў, выклікала да яго “клясавую варожасьць” з боку сяброў камісіі і адмаўленьне ў рэгістрацыі.

Іншых выбарчыя камісіі абвінавацілі ў датэрміновай агітацыі, як, напрыклад, Уладзімера Навасяда. Камуністу Васілю Расольку акруговая камісія адмовіла на той падставе, што ён забыўся задэкляраваць як транспартны сродак стары прычэп да легкавіка. Аляксандра Бухвостава не зарэгістравалі за тое, што ў падпісных аркушох дата подпісу была прастаўленая адной рукою. Не зарэгістравалі й лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімера Ганчарыка…

Калі паверыць выбарчым камісіям, дык атрымліваецца, што самымі непісьменнымі ў афармленьні дакумэнтаў сталі вядомыя юрысты Паганяйла, Воўчак, эканамісты Злотнікаў, Тарасаў ды Башарымаў. Гэта вельмі сумнеўна. Тацяна Ваніна паведаміла, што адзін зь сяброў Дзяржынскае акруговае выбарчае камісіі прызнаўся ёй, што ім канкрэтна ўказвалі, як галасаваць пры рэгістрацыі, што ўлада адсочвала гэтую кампанію і дамаглася жаданага выніку.

На думку Васіля Шлындзікава, які падтрымліваў вылучэньне дэмакратычных кандыдатаў на гэтыя выбары, гэта азначае, што рэжым не жадае ісьці ні на якія кампрамісы ці саступкі, і, акрамя байкоту, у апазыцыі не застаецца іншага выбару.

Што датычыць апазыцыйных партыяў, якія арганізавана бяруць удзел у выбарах, дык іхныя страты пакуль што не такія татальныя. У ПКБ вядома пра чатыры адмовы ў рэгістрацыі, у ЛДПБ — каля 30. Лідэры гэтых партыяў заяўляюць, што будуць абскарджваць гэтыя рашэньні выбарчых камісіяў у ЦВК, а затым у Вярхоўным судзе.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG