Учора ўвечары ў шпіталі пад Парыжам памёр шматгадовы рэдактар польскага
эміграцыйнага часопісу “Культура” Ежы Гедройць. Рэпліка Сяргея Шупы.
Ёсьць людзі, пра якіх уяўляеш сабе, што яны будуць жыць вечна. І раптам
настае дзень, калі нехта ТАКІ памірае – пакідаючы па сабе пустку, якую,
бадай, не запоўніць ніхто.
Сёньня раніцай, калі мы рыхтавалі перадачу віленскай рэдакцыі Балтыйскіх
Хваляў, ад адной мілай суразмоўніцы з Парыжу прыйшла кароткая – на два
радкі – вестка: «14 верасьня 2000 году ў 23.30 у веку 94 гадоў у шпіталі
мястэчка Мэзон-Ляфіт пад Парыжам памёр рэдактар Ежы Гедройць».
Постаць легендарнага польскага парыжаніна Ежы Гедройця можна бачыць
з розных бакоў. Для адных — гэта шматгадовы рэдактар уплывовага польскага
эміграцыйнага месячніка «Культура», вагу якога за апошнія паўстагодзьдзя
цяжка перацаніць. Для іншых — гэта рэлікт старасьвецкай арыстакратыі, апошні
прадстаўнік вымерлай расы крэсовых зуброў. Для большасьці з нас, беларусаў
— гэта зямляк, адзін з кагорты славутасьцяў сьвету, што нарадзіліся на
нашай зямлі, у Менску эпохі рэвалюцыяў і адраджэньняў. Хочацца аднак зазначыць
і іншую супольную Бацькаўшчыну — Усходнюю Эўропу, краіны і народы якой
аб’яднаў у ХХ стагодзьзі адзіны лёс, адзіны боль і адзінае адчуваньне свайго
месца ў сьвеце — паміж Захадам і Расеяй.
Адыход аднаго з патрыярхаў Нашай Эўропы станецца, мабыць, знакам заканчэньня
цэлай эпохі — эпохі інтэлектуальнага супраціву, культурнага супрацьстаяньня
таталітарызму, рамантычнай эпохі падпольля і дысыдэнцтва, калі дэмакратыя
заставалася далёкім, чыстым і простым ідэалам, калі лёгка было зразумець
– што чорнае, а што белае, што добрае, а што дрэннае. Сёньня надыйшлі іншыя
часы, пара сапраўднага жыцьця з усімі ягонымі цяжкасьцямі і расчараваньнямі.
Ад весткі пра сьмерць старога, дасьведчанага й мудрага Ежы Гедройця душу
напаўняе самота.
Сяргей Шупа, Вільня
Самае папулярнае
1