Пад пагрозаю закрыцьця апынулася на пачатку новага навучальнага году
беларуская 8-Б кляса менскае сярэдняе школы №115. Вучням раздалі падручнікі
на расейскай мове, заявіўшы, што па-беларуску выкладаць прадметы няма настаўнікаў.
Небезпасьпяховая спроба зьліквідаваць клясу ў гэткі самы спосаб была
зробленая ў траўні, напрыканцы мінулага навучальнага году. Посьпех, аднак,
быў частковы: зь дзьвюх беларускіх сёмых толькі некалькі бацькоў аднае
клясы прынялі аргумэнты адміністрацыі пра адсутнасьць выкладчыкаў ды напісалі
заявы пра перавод клясы ў наступным навучальным годзе на расейскую мову.
Тых, чые бацькі не зрабілі гэтага, дадалі да паралельнае беларускамоўнае,
у выніку чаго зь дзьвюх беларускаю засталася адна, хоць і перапоўненая
— 31 вучань.
Але на гэтым адміністрацыя не спынілася. На пачатку новага навучальнага
году бацькі даведаліся, што ў фармальна беларускай клясе іхныя дзеці фактычна
ўжо навучаюцца па-расейску. Падручнікі інфарматыкі, чарчэньня, біялёгіі,
грамадазнаўства ім раздадзеныя на расейскай мове. Але й тыя прадметы, у
якіх вучні атрымалі беларускамоўныя падручнікі (да прыкладу, хімія, фізыка,
геаграфія), выкладаюцца па-расейску.
Тлумачэньне ранейшае — няма беларускамоўных выкладчыкаў.
Вось як камэнтуе сытуацыю Натальля Крываносава, маці адной з вучаніцаў:
(Крываносава: ) “Мне сорамна, што так у Беларусі, тым больш у Менску.
У нас два інстытуты – і пэдагагічны, і ўнівэрсытэт, яны ж рыхтуюць тых,
хто можа весьці без праблемаў і на беларускай, і на рускай – як ім скажа
дырэктар. У тым годзе яны казалі, што няма падручнікаў, цяпер, нібыта,
няма – толькі па двух прадметах. Зараз яны кажуць, што ў іх настаўнікі
ня могуць весьці. Ну дык я ня ведаю, яны ж у Менску ўсе вучыліся. Як яны
вучыліся? Я ўвогуле не разумею, што яны кажуць і на каго гэта разьлічана?”
Сказала Натальля Крываносава.
Бацькі 8-Б клясы зьвярнуліся па падтрымку ў сваіх патрабаваньнях у сакратарыят
Таварыства Беларускае Мовы. Там сытуацыю ў 115-й школе расцанілі як дыскрымінацыйную,
пра што выклалі ў лісьце на імя міністра адукацыі Васіля Стражава. Цытую
ліст тэбээмаўцаў да яго: “Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны
надзвычай абуранае тым, што Міністэрства адукацыі, нягледзячы на тое, што
навучальны год ужо пачаўся, не забясьпечыла беларускамоўным школам і клясам
неабходныя ўмовы для нармальнага працэсу навучаньня. Гэтым Міністэрства
груба парушае арт.50 Канстытуцыі Беларусі, паводле якога “дзяржава гарантуе
… свабоду выбару мовы выхаваньня й навучаньня”, і Закону аб мовах, што
цягне за сабою адміністрацыйную адказнасьць (арт.172-2 Кодэксу Рэспублікі
Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях)”, — нагадвае міністру сакратарыят
ТБМ.
Рэакцыі ворганаў адукацыі на пратэсты бацькоў і грамадзкасьці ў сувязі
зь дзеяньнямі адміністрацыі менскае сярэдняе школы №115 пакуль што няма.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1