Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Нягледзячы на ўсе намаганьні ўладаў, перадвыбарчая кампанія ў “Палату прадстаўнікоў” праходзіць квола. Яна вызначаецца хіба што адкрытым выкарыстаньнем уладаю гэтак званага “адміністрацыйнага рэсурсу” на карысьць кандыдатаў-прыхільнікаў рэжыму.

4 верасьня закончыўся тэрмін падачы дакумантаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Як паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме, на 1 верасьня было пададзена 405 дакумантаў на вылучэньне, з іх 224 — ад шасьці палітычных партыяў, 153 — ад працоўных калектываў і 28 – шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Варта зазначыць, што было зарэгістравана больш як 400 ініцыятыўных групаў дзеля збору подпісаў. Рэшта, відаць, адкладвае падачу дакумантаў альбо проста ня справілася са зборам тысячы подпісаў.

У Менску на 18 акругаў пакуль што пададзеныя дакуманты на рэгістрацыю 67 кандыдатаў, абсалютная бальшыня іх — 56 — ад палітычных партыяў, і толькі тры шляхам збору подпісаў.

Тым часам з рэгіёнаў паведамляюць пра істотныя парушэньні выбарчага заканадаўства, на якое ідуць перш за ўсё мясцовыя ўлады. Актывіст АГП з Магілеву Валеры Сівуха распавёў, што дэмакратычныя арганізацыі Магілеўскае вобласьці падалі заявы на ўключэньне 25 сваіх сябраў у акруговыя выбарчыя камісіі, але ніводзін зь іх туды ня трапіў. Тое самае і з участковымі камісіямі.

Гаворыць Валеры Сівуха:

“23 жніўня слаўгарадзкая раённая газэта “Ленінскае слова” апублікавала сьпісы ўчастковых выбарчых камісіяў. Яшчэ пяць ёсьць на падачу заяваў, а яны ўжо апублікавалі… Гэта такое яўнае парушэньне, што далей няма куды”.

Валеры Сівуха паведаміў таксама, што была напісаная заява пракурору і ў акруговую камісію наконт факту парушэньняў на сходзе калектыву заводу “Тэхнапрыбор”, які вылучаў прадстаўніка магілеўскае “вэртыкалі”. Але на станоўчы вынік разгляду гэтае скаргі ён не спадзяецца. Паводле словаў Сівухі, у Шклоўскім раёне яўным фаварытам зьяўляецца Ўладзімер Канаплёў.

Гаворыць Валеры Сівуха:

(Сівуха: ) “Зразумела, там усё ўжо вырашана, і там ва ўсіх установах, школах, інтэрнатах – куча падарункаў. Зразумела, гэта ж за бюджэтныя грошы. Усе ж кажуць так, калі канкурэнты ходзяць: “ Гэта нам Канаплёў даў, а вы што дасьцё?” Адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваецца цалкам. А там, дзе трэба пагуляць у дэмакратыю, напрыклад, у Магілеве, там будзе шмат вылучэнцаў, але для ўлады будзе бяз розьніцы – што той, што другі, што трэці – яны ўсе будуць паслухмяныя”.

Паведаміў кіраўнік арганізацыі АГП Магілеўскае вобласьці Валеры Сівуха.

А вось што распавёў нашаму радыё апазыцыйны актывіст Віктар Мыкальнікаў з гораду Навалукомля Віцебскае вобласьці:

“Такая ж сытуацыя гвалту, грубага адміністраваньня й выкручваньня рук і ў нас. У нас лукашэнкавы рэжым накіраваў свайго прадстаўніка Рамана Ананьева, і, каб забясьпечыць ягонае праходжаньне, пачынаецца выкручваньне нават тым, хто не зьяўляецца апазыцыянэрам. Як толькі “мэр” Навалукомля Мікола Мацкевіч заявіў, што і ён будзе вылучацца, адразу пачаліся пагрозы на ягону адрэсу. І каб ня страціць працу, ён мусіў быў адмовіцца. Аналягічны выпадак быў з дырэктарам саўгасу “Сабалі” Качанавым, якога кіраўнік раённага выканкаму Міхалевіч пачаў шантажаваць проста на нашых вачох, калі мы групаю спрабавалі яго адстаяць… Качанаву нават слова не далі там, яму сказалі: “Ідзі займайся ўборкаю, і ня лезь куды ня трэба…”

Гэта быў апазыцыйны актывіст, вайсковы пэнсіянэр з Навалукомля Віктар Мыкальнікаў.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG