Больш за палову беларусаў жывуць па-за межамі пражыткавага
мінімуму, нягледзячы на тое, што Беларусь мае высокаадукаваных і высокакваліфікаваных
жыхароў. Гэтую заяву зрабіў у часе прэсавае канфэрэнцыі з нагоды Міжнароднага
дня ААН каардынатар-рэзыдэнт Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ніл Бунэ.
Каардынар-рэзыдэнт Прадстаўніцтва ААН ў Беларусі Ніл Бунэ назваў цяперашнюю
сытуацыі ў Беларусі ўнікальнай.
(Бунэ: ) “Беларусь мае высокакваліфікаваных і высокаадукаваных жыхароў,
але, тым ня менш, больш як палова людзей тут жывуць па-за межамі бюджэту
пражыткавага мінімуму.
У разьліку на 100 тысячаў насельнікаў у Беларусі ў два разы болей лекараў,
чым у Вялікай Брытаніі ды Ірляндыі. Тым жа часам колькасьць людзей, якія
ня здолеюць дасягнуць веку 60 год, у Беларусі ўдвая вышэйшая за Вялікую
Брытанію, і ўтрая вышэйшая за Данію”, — зазначыў спадар Бунэ.
Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага Банку ў Беларусі Сяргей Кулік таксама
адзачыў, што Беларусь значна адрозьніваецца ад іншых краінаў, і найперш
характарам жабрацтва:
“Паводле статыстычных зьвестак, профіль жабрацтва ў Беларусі не такі,
як у іншых краінах. Напрыклад, забясьпечанасьць жыльлём бедных групаў жыхароў
даволі высокая. Амаль 30 адсоткаў бедных маюць жыльлё да 13 квадратных
мэтраў на чалавека. Варта адзначыць якасна іншы стан малазабясьпечаных
людзей у Беларусі”, — распавёў Сяргей Кулік.
Ён адзначыў таксама, што палова бюджэту Беларусі выдаткоўваецца на сацыяльныя
мэты. Ніводная з суседніх краінаў, зазначыў Сяргей Кулік, ня траціць столькі
на сацыяльную абарону людзей.
На думку спадара Бунэ, Беларусь валодае велізарнымі магчымасьцямі й
рэсурсамі, якіх няма ў іншых краінах, але гэты рэсурс як належыць не выкарыстоўваецца.
І асноўная мэта Прадстаўніцтва ААН у Беларусі — дапамагчы скарыстаць яго.
З 1992 году Прадстаўніцтва ААН зрэалізавала ў Беларусі больш як 20 вялікіх
праектаў. Але, паводле спадара Бунэ, Беларусі не патрэбныя вялікія памеры
дапамогі, бо краіна ў стане сама вырашаць свае праблемы, трэба толькі даць
ёй пэўны штуршок.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1