Кандыдаты ў дэпутаты ў гомельскай Сельмашаўскай выбарчай
акрузе №34 Валянціна Савасьценка і Ўладзімер Сякерка зьвярнуліся ў акруговую
камісію і Цэнтральную выбарчую камісію з заявамі ў справе прызнаньня выбараў
у акрузе несапраўднымі.
Прафэсар катэдры фізыкі Беларускага ўнівэрсытэту транспарту, кандыдат
у дэпутаты Валянціна Савасьценка не пагадзілася з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня,
нягледзячы на тое, што выйшла ў другі тур выбараў, прызначаны на 29 кастрычніка.
У заяве адносна прызнаньня выбараў несапраўднымі спадарыня Савасьценка
прыводзіць шэсьць пунктаў парушэньня Выбарчага кодэксу камандаю ейнага
суперніка, кандыдата ад улады Юрыя Астапчанкі, а таксама ўчастковымі камісіямі
супольна з кіраўніцтвам аб'яднаньня “Гомсяльмаш”, якія зацікаўлена працавалі
на “ўладнага кандыдата”.
У шэрагу парушэньняў ня толькі наглядная агітацыя на ўчастках у дзень
выбараў за генэральнага дырэктара канцэрну “Белрэсурсы” Астапчанку і неадпаведны
Выбарчаму кодэксу падлік галасоў, але й існаванне на 24 участках гэтак
званых “групаў рэагаваньня” ад “Гомсяльмашу”. Давераныя асобы Валянціны
Савасьценкі атрымалі цікавы дакумэнт з назваю “Замацаваньне”, падпісаны
выконваючым абавязкі генэральнага дырэктара “Гомсяльмашу” Іванам Пратурам.
Паводле гэтак званага “Замацаваньня”, у дзень выбараў старшыні ўчастковых
камісіяў пэрыядычна давалі інфармацыю кіраўнікам сяльмашаўскіх “групаў
рэагаваньня”, а тыя ў сваю чаргу хадзілі па кватэрах і вымушалі выбаршчыкаў
ісьці на ўчасткі. Апроч таго, аб'яднаньне фінансавала на карысьць кандыдата
Астапчанкі нечарговы выхад шматтыражнае газэты “Сяльмашавец” накладам 20
тысячаў асобнікаў — у дзесяць разоў больш звычайнага.
Паводле сьцьвярджэньня Валянціны Савасьценкі, некаторыя ўчасткі дастаўлялі
незапоўненымі пратаколы вынікаў галасаваньня ў акруговую камісію №34, якую
ўзначальвае загадчыца аддзелу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Людміла Расказава.
Зьвесткі падтасоўваліся, таму камісія ажно да трох гадзінаў ночы не магла
аб'явіць вынікі галасаваньня ў акрузе.
Сярод іншых нечаканасьцяў выбарчае кампаніі ў рэгіёне зьявіўся перагляд
папярэдніх вынікаў галасаваньня ў Жлобінскай акрузе №42 й Калінкавіцкай
№43. Раней паведамлялася, што там абраны дэпутатамі ў першым туры адпаведна
начальнік цэху Беларускага мэталюргічнага заводу Іван Мельнікаў і пракурор
Акцябарскага раёну Міхал Мірановіч. Зараз акруговыя камісіі заяўляюць,
што пры падліку адбылася памылка. У акругах патрэбны другі тур галасаваньня…
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1