Нарастае напружанасьць сярод кліентаў камэрцыйнага банку “Белбалтыя”.
Нядаўняе вяртаньне яму генэральнае ліцэнзіі на валютныя апэрацыі ня зьменшыла
пагрозы банкруцтва. Шмат хто з кліентаў занепакоены гэтым.
Кіраўніцтва “Белбалтыі” зараз спрабуе пераканаць сваіх кліентаў у часовасьці
фінансавых цяжкасьцяў. Як вынікае з тлумачэньняў прадстаўнікоў банку, “Белбалтыю”
палохае пагроза панікі сярод грамадзянаў, якія даверылі ёй свае зьберажэньні.
Прадухіліць паніку намагаецца й Нацыянальны банк.
Пры гэтым спадар Пракаповіч і ягонае атачэньне лічаць, што крызыс “Белбалтыі”
стаўся вынікам памылковае палітыкі кіраўнікоў гэтага банку. А вось меркаваньне
на гэты конт незалежнага экспэрта — эканаміста Валерыя Дашкевіча:
(Дашкевіч: ) “На мой погляд, справа ня ў тым, што кіраўніцтва банку
рабіла нейкія памылкі. Проста ў банка была свая стратэгія. Правілы банкаўскай
дзейнасьці ў нас мяняюцца даволі часта, і калі зьмяніліся ўмовы, у іх узьніклі
праблемы. На мой погляд Нацыянальны банк Беларусі ня будзе прымаць ніякіх
радыкальных захадаў да “Белбалтыі”, таму што агульная сума грошай насельніцтва,
асабліва валютных укладаў, даволі вялікая, і спыняць дзейнасьць банку –
гэта Нацыянальнаму банку ўзяць на сябе выплату ўсіх гэтых дэпазытаў валютных”,
— зазначыў Валеры Дашкевіч.
На сёньняшні дзень валютныя ўнёскі на рахунках “Белбалтыі” складаюць
амаль 20 мільёнаў даляраў. Вярнуць іх некалькім тысячам грамадзянам за
месяц і нават за год прыватны банк, зразумела, ня ў стане. Не зьбіраецца
дапамагаць у гэтай справе й Нацыянальны банк…
Зрэшты, чаго вартая такая дапамога, сьведчыць сумны досьвед яшчэ аднаго
камэрцыйнага банку — “Пошуку”. Ягоная завінавачванасьць перад грамадзянамі
складала 10 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на актыўныя намаганьні Нацыянальнага
банку, “Пошук” дагэтуль ня здолеў разьлічыцца з кліентамі. Зараз у судзе
Савецкага раёну Менску знаходзіцца 90 выканаўчых лістоў на вяртаньне грошай.
Аднак працэс гэтага вяртаньня, на думку карыстальнікаў “Пошуку”, надта
марудны. І спатрэбіцца не адзін год, каб банк выканаў перад імі свае фінансавыя
абавязкі.
Тым часам, паводле меркаваньняў аналітыкаў, усьлед за “Пошукам” і “Белбалтыяй”
бяда пагражае і яшчэ шэрагу айчынных банкаў. Найперш, дробных. Як і вялікія
банкі, іх прымушаюць крэдытаваць дзяржаўныя праграмы. Між тым, невялікія
банкаўскія ўстановы з прычыны недахопу фінансавых рэсурсаў ня ў стане выконваць
такія дырэктывы. У дачыненьні да іх павінна быць іншая дзяржаўная палітыка.
Гаворыць Валеры Дашкевіч:
(Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што такія невялікія недзяржаўныя банкі ці
сярэднія памерам як “Белбалтыя, яны арыентаваныя не на тое, каб укладаць
грошы ў нашую прамысловасьць ці ў сельскую гаспадарку. Нашае вышэйшае кіраўніцтва
ня вельмі добра разумее асаблівасьці фінансавых рынкаў. На фінансавых рынках
можна зарабляць грошы ня меншыя, чым укладаючы іх у прамысловасьць. Для
нашага ж кіраўніцтва гэта нонсенс. Яны лічаць, што чым больш мы мэталу
перавялі ў нейкія станкі, тым лепш”,
— лічыць эканаміст Валеры Дашкевіч.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1