Як ніколі бурна прайшоў мітынг у Наваполацку. Усе, хто сабраліся на
пляцы перад гадазкім Палацам культуры, сказалі рашучае “не” выбарчаму фарсу.
Адкрыў мітынг старшыня мясцовай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна”
Зьміцер Салаўёў, які азнаёміў прысутных з дадзенымі маніторынгу парушэньня
ўладамі выбарчага заканадаўства.
Спадар Салаўёў асабліва адзначыў шчыраваньні ў гэтым пляне адміністрацыі
вытворчага аб’яднаньня “Нафтан”, на якім загадным чынам прымушалі работнікаў
ставіць подпісы на карысьць пэўных вылучэцаў.
Тэму парушэньня выбарчага заканадаўства і грамадзянскіх правоў наагул
працягнуў кіраўнік гарадзкой суполкі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Пятро
Галыняк.
Выступоўца заўважыў, што дайшло да таго, што сёньня суполка ня можа
арганізаваць сустрэчы з партыйным кіраўніцтвам. Улады забаранілі даваць
памяшканьні.
Наагул пра факты адміністрацыйнага свавольства казалі амаль усе выступоўцы.
Але лейтматывам сталі падзеі ў братняй Сэрбіі. Калі лідэр мясцовай філіі
БНФ Уладзімір Кунцэвіч вітаў гістарычны выбар Сэрбіі, ягоныя словы патанулі
ў бурных воплесках.
“Навапалачане, - далей сказаў Кунцэвіч, - таксама зрабілі свой выбар
і ў сваёй бальшыні ня ходзяць на выбары, бо лічаць гэта пустой справай”.
Красамоўным і пераканаўчым быў выступ прадстаўніцы жаночай партыі “Надзея”
Валянціны Матусевіч. “Нас увесь час палохаюць Захадам, - са скрухаю паведаміла
спадарыня Матусевіч, - гэта значыць, тымі краінамі, дзе жанчыны ў сярэднім
жывуць да 80-ці гадоў, дзе яны на схіле веку езьдзяць па сьвеце і радуюцца
жыцьцю. У нас жа старыя кабеты змушаныя прадаваць цыгарэты, зьбіраць бутэлькі
ці сядзець на рынках, каб заробіць сабе на кавалак хлеба”.
Выступіў на мітынгу і госьць зь Менску – сябар БНФ Анатоль Станкевіч.
Назваўшы 5 прычынаў, чаму ён ня пойдзе на выбары, выступоўца заўважыў,
што апазыцыя знаходзіцца на апошняй лініі абароны і ўжо сёньня мусіць пайсьці
ў наступ.”
На пытаньне, ці хутка ў нас зьявіцца свой Воіслаў Каштуніца, спадар
Станкевіч адказаў: “Такі чалавек будзе”. Грамада дружна выдахнула: “Памагай
Бог!”
Пры канцы адзначым, што на мітынгу ўпершыню за часы ладжаньня падобных
мерапрыемстваў адсутнічалі работнікі міліцыі.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацк
Самае папулярнае
1