Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Не спыняецца судовы канвэер адміністрацыйных спраў затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі моладзевых арганізацыяў, што адбылася 12 лістапада.

З 26 адміністрацыйных справаў затрыманых удзельнікаў моладзевай акцыі “Пераменаў!” да сёньняшняга дня заставалася не разгледжанай толькі справа Сяргея П’яных.

Сёньня судзьдзя пасьля выступу гэтак званага “правапарушальніка” вымушаны быў адкласьці справу з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі. Рэч у тым, што на Сяргея П’яных пратакол складалі афіцэры міліцыі Першамайскага РАУСу. Яны й павінны былі сёньня даваць паказаньні. Але на запыт адміністрацыйнага судзьдзі Юрыя Гарбатоўскага ў РАУСе адказалі, што супрацоўнікам міліцыі няма часу хадзіць па судох, бо з-за маючага адбыцца саміту яны задзейнічаныя ў нейкіх адмысловых захадах у ахове грамадзкага парадку…

Кіраўнік службы грамадзкае бясьпекі Першмайскага РАУСу Мікола Несьцяровіч пацьвердзіў гэтую інфармацыю:

(Несьцяровіч: ) “Яны ня могуць прыехаць, ёсьць розныя службовыя пытаньні. Іх шмат: і па саміце па гэтым…”

Паведаміў маёр Мікола Несьцяровіч.

Разгляд справы Сяргея П’яных перанесены на 6 сьнежня.

Нагадаем, што, паводле прысудаў, затрыманыя ўдзельнікі апазыцыйнага шэсьця, а ў асноўным гэта студэнты, атрымалі папярэджаньні, штрафы і адзін чалавек — трое сутак арышту. Непаўнагадовыя (некалькі дзясяткаў чалавек) дагэтуль прыходзяць з бацькамі ў выканкамы, каб камісіі ў справах непаўнагадовых вынесьлі ім прысуды.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG