Дагэтуль застаецца няпэўнай сытуацыя з новым прэзыдэнтам ЗША? Вярхоўны
суд штату Флярыда распачаў разгляд пытаньня наконт законнасьці ручнога
падліку галасоў, які доўжыцца ў трох акругах гэтага штату.
У часе першага паседжаньня, якое доўжылася дзьве з паловай гадзіны,
у судзе выступілі юрысты ад абодвух кандыдатаў – Альбэрта Гора і Джорджа
Буша. Абодва бакі аргумэнтавалі свой пункт погляду адносна паўторнага ручнога
пераліку галасоў у акругах Броўард, Палм-Біч і Маямі-Дэйд.
Каманда Гора настойвае на тым, што такі пералік – законны. Гэтыя тры
акругі традыцыйна галасуюць за дэмакратаў, і Гор спадзяецца дагнаць Буша,
які пакуль мае перавагу ў 930 галасоў.
Рэспубліканцы ж катэгарычна супраць правядзеньня любых новых пералікаў,
якія, на іх думку, даўно павінны былі завершыцца. Яшчэ на мінулым тыдні
сакратар штату Кэтрын Гарыс абвесьціла, што ручны пералік павінен скончыцца
14 лістапада, і вынікі, атрыманыя пасьля гэтай даты, ня будуць улічвацца.
Аднак, паводле ініцыятывы дэмакратаў, і пасьля гэтага пералік працягваецца
ў трох асноўных для іх акругах. У Броўардзе і Маямі-Біч яго павінны завершыць
найпазьней у чацьвер, а пералік у Маямі-Дэйд пачаўся толькі ўчора і зойме
найменей 10 дзён.
Калі суд пагодзіцца з аргумэнтамі рэспубліканцаў і пацьвердзіць рашэньне
Кэтрын Гарыс, то новыя дадзеныя з трох акругаў ня будуць улічаныя – такім
чынам захаваюцца ранейшыя вынікі, і Буш будзе абвешчаны 43-м прэзыдэнтам
ЗША. Але ніхто не бярэцца прагназаваць рашэньня суду.
Некаторыя аналітыкі зазначаюць, што зацягнутае падвядзеньне вынікаў
забірае час у будучага прэзыдэнта – хто б ён ня быў – і ўскладняе яму будучы
пераход ад статуса кандыдата да лідара, гатовага аб’яднаць краіну пасьля
выбарчай кампаніі.
Будучы прэзыдэнт павінен прызначыць новых міністраў, дырэктараў і кіраўнікоў
14-ці дэпартамантаў, дзясяткі чыноўнікаў выканаўчай улады, вялікі пэрсанал
Белага Дому. Ён мусіць прадставіць Кангрэсу бюджэт на наступны фінансавы
год. І ўсё гэта – не пазьней за 20 студзеня: праз два з паловай месяцы
пасьля выбараў. А Бушу давядзецца запоўніць да трох тысячаў пасадаў, зь
іх каля 600 – ад амбасадараў да міністраў – мусяць быць ухваленыя Сэнатам.
Прафэсар палітычных навук ва ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона Форэст
Мальцман кажа, што кожны раз, калі ўладу пераймае новы прэзыдэнт, яго абвінавачваюць
у занадта марудным фармаваньні новай адміністрацыі. І затрымка з падлікам
галасоў у Флярыдзе спыніла далейшы працэс.
(Мальцман: ) “У найлепшым выпадку, гэта звычайная гісторыя, калі прыкладна
ў сакавіку альбо красавіку гучыць: “Чаму гэты Белы Дом раскачваецца так
марудна? Паглядзіце, колькі яшчэ вакансіяў! Ён ня вельмі добра працуе!”
Гэтая гісторыя адбываецца кожны раз з прыходам новай адміністрацыі. А сёлета
будзе яшчэ горш.”
Міжтым панядзелак прынес больш добрых навінаў для рэспубліканцаў. Пракурор
Флярыды Боб Баттэруорд заклікаў усе 67 акругаў штату прызнаць сапраўднымі
бюлетэні, якія прыбылі з-за мяжы, нягледзячы на тое, ці ёсьць на іх паштовая
пячатка з датай 7 лістапада – дня выбараў – але калі ёсьць подпіс выбаршчыка
і дата, пастаўленая ягонай рукой. Бо з-за гэтага не былі ўлічаныя больш
як паўтары тысячы бюлетэняў з-за мяжы, а гэтыя выбаршчыкі пераважна выказваліся
за Буша.
Алена Радкевіч, Прага
Самае папулярнае
1