Сёньня Генэральная асамблея ААН аднавіла сяброўства Югаславіі ў гэтай
міжнароднай арганізацыі.
Сёньня чырвоны цітаўскі сьцяг сацыялістычнай Югаславіі быў спушчаны
з флагштоку каля будынку ААН у Ню-Ёрку, а замест яго ўзьняўся трохкаляровы
сьцяг Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. Восем гадоў таму сяброўства Югаславіі
ў ААН было прыпыненае з прычыны распаду краіны: са складу былой Югаславіі
выйшлі Харватыя, Босьнія і Славенія, крыху пазьней – Македонія. Ранейшая
краіна зьменьшылася да дзвюх рэспублікаў – Сэрбіі і Чарнагорыіі. Усе ізноў
створаныя краіны сталі сябрамі ААН. Усе, акрамя Югаславіі: рэжым Мілошавіча
патрабаваў, каб новая Югаславія была прызнаная правапераемнікам ранейшай.
У задавальненьні гэтай просьбы было адмоўлена, у выніку чаго краіна на
8 гадоў апынулася па-за межамі ААН. І вось зараз новае кіраўніцтва Югаславіі
падвяло рысу пад мінулым.
Тыдзень таму падчас візыту ў Маскву прэзыдэнт Каштуніца заявіў, што
зьвярнуўся ў ААН з просьбай пра далучэньне. Гэтыя просьба была падтрыманая
як Радаю бясьпекі ААН, гэтак і чатырма краінамі, што раней былі рэспублікамі
ў складзе Югаславіі. Сёньня генэральная асамблея прыняла канчатковае рашэньне
– з сёньняшняга дня Федэратыўная Рэспубліка Югаславія – ізноў паўнавартасны
сябра ААН. Адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Каштуніцы Горан Сьвіланавіч
выказаў падзяку прадстаўнікам аб’яднаных нацыяў. Ён таксама сказаў.
(Сьвіланавіч: ) “Я скарыстоўваю гэтую магчымасьць, каб даць гарантыі
ўсім вам і, у прыватнасьці, нашым суседзям. Югаславія ясна ўсьведамляе
праблемы, якія стаяць перад намі, і гатовая разам з суседзямі і з усясьветнай
супольнасьцю прыкладаць высілкі, каб вырашыць іх. Нашая краіна будзе надзейным
суседам і дабрасумленым сябрам міжнароднай супольнасьці і прыкладзе ўсе
намаганьні, каб забясьпечыць мір і стабільнасьць у рэгіёне і ў сьвеце”.
Гэта быў адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Югаславіі Горан Сьвіланавіч.
Скасаваньне міжнароднай ізаляцыі спараджае для новай Югаславіі некаторыя
праблемы. Яна цяпер павінная заплаціць 8 мілёнаў даляраў унёскаў, каб атрымаць
права голаса на асамблеі. Як паўнавартасны сябра ААН Югаславія мусіць супрацоўнічаць
з міжнародным трыбуналам ААН, які патрабуе выдачы асобаў, што падазраюцца
ў міжнародных злачынствах, у тым ліку і былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча.
Акрамя таго, менавіта зараз дзяржаўны статус Югаславіі робіцца няпэўным.
Пазаўчора прээзыдэнт югаслаўскай рэспублікі Чарнагорыі Джуканавіч заявіў,
што Югаславія мусіць быць ператвораная ў міждзяржаўны саюз, паўнамоцтвы
якого абмяжоўваліся б толькі пытаньнямі агульнай абароны, зьнешняй і грашовай
палітыкі. Джуканавіч выказаў меркаваньне, што ў ААН павінныя быць прадстаўленыя
абедзьве рэспублікі – і Чарнагорыя, і Сэрбія. Пакуль, праўда, гэта толькі
прапановы, Джуканавіч гатовы да перамоваў з Бялградам наконт будучага статусу
федэрацыі. Варта адзначыць, што некалькі дзён таму ён выказаўся супраць
тэрміновага прыняцьця Югаславіі ў ААН, але, як бачым, гэтае пярэчаньне
засталося па-за ўвагаю.
Ня меншай праблемай зьяўляецца правінцыя Косава, што знаходзіцца пад
міжнародным наглядам з лета мінулага году. За гэты час імкненьні косаўскіх
албанцаў да незалежнасьці толькі ўзмацніліся. Расея і іншыя сябры Рады
бясьпекі ААН па-ранейшаму падтрымліваюць сувэрэнітэт Югаславіі над Косавам,
што прадугледжвае і рэзалюцыя № 1244 пра міжнародны нагляд над правінцыяй.
Але ЗША лічаць, што гэтае пытаньне можа быць прадметам перамоваў. Амбасадар
ЗША ў ААН Голбрук, у прыватнасьці, заявіў наступнае.
(Голбрук: ) “Рэзалюцыя ААН не выключае магчымасьці незалежнасьці Косава.
Некаторыя нашыя калегі ў Радзе Бясьпекі не падзяляюць нашае меркаваньне.
Яны лічаць, што гэтае пытаньне вырашанае. Але, на думку ЗША, рэзалюцыя
не выключае магчымасьці атрыманьня незалежнасьці”.
Існаваньне шэрагу складаных праблемаў не адмаўляе і афіцыйны Бялград.
Але сёньня закладзены пачатак іх вырашэньня супольнымі высілкамі Аб’яднаных
нацыяў, сярод якіх пачэснае мейсца ізноў заняла Югаславія.
Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1