Сёньня каля 18 гадзінаў вечара гарадзенская міліцыя ў самым цэнтры гораду
разагнала ўдзельнікаў памінаньня продкаў на Дзяды і схапіла каля 30 удзельнікаў
цырымоніі.
Сёньня актывісты гарадзкой арганізацыі БНФ у першай палове дня ўшанавалі
магілы ахвяраў Катыні, вядомых гарадзенцаў і беларусаў Горадні – маці Максіма
Багдановіча, Элізы Ажэшкі, акадэміка Астроўскага, Аляксея Карпюка ды іншых.
Яны пахаваныя на розных могілках гораду.
У 17 гадзінаў актывісты сабраліся каля Чыгуначнага вакзалу, на будынку
якога прымацаваная памятная шыльда паўстанцам Кастуся Каліноўскага. З вакзалу
грамада накіравалася да ўнівэрсытэту, перад якім стаіць помнік Янкі Купалы,
каб ушанаваць ягоную памяць. Тут і адбыўся напад міліцыі. Раптоўна з розных
бакоў наехала паўтара дзясяткі міліцэйскіх машынаў. Афіцэр выкрыкнуў, што
тут праводзіцца недазволенае шэсьце і ўсіх удзельнікаў памінаньня продкаў
пачалі хапаць і запіхваць у машыны – і дзяўчат, і жанчын.
Аляксандра Міхальчыка, сталага чалавека, які выказаў сваю нязгоду, пяцёра
міліцыянтаў павалілі тварам у бруд – у горадзе якраз ішоў моцны дождж.
Усіх затрыманых, а іх было каля 30 чалавек, даставілі ў Ленінскі райаддзел
міліцыі.
Міліцыю магло справакаваць тое, што ўдзельнікі мерапрыемства ішлі з
бел-чырвона-белымі сьцягамі, хаця ўчора на паседжаньні БНФ пасьля галасаваньня
было вырашана сьцягі не выкарыстоўваць. Аднак некалькі ўдзельнікаў, якія
ня трапілі ў міліцыю, лічаць, што міліцыянты проста мелі загад схапіць
людзей, і сьцягі не былі галоўным чыньнікам.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1