У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра
сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя
Шчукіна. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі дзеяньняў, якія спрычыніліся
да масавых беспарадкаў 17 кастрычніка.
Сёньня старшыня судовага паседжаньня Ігар Крот пачаў чарговае паседжаньне
з апытаньня падпалкоўніка брыгады спэцназу Ігара Савасьцюка з вайсковае
часткі № 3312, які аддаваў загады падначаленым пад час разгону дэманстрацыі
на вуліцы Першамайскай. Падпалкоўнік у адказах увесь час спасылаўся на
сваё кіраўніцтва й на тое, што сам ён не даваў загаду зьбіваць людзей.
Паведаміць прозьвішчы асобаў з гэтага кіраўніцтва Савасьцюк адмовіўся,
спасылаючыся на службовую таямніцу.
Раней ніхто з вайскоўцаў не казаў у судзе пра тое, што дэманстранты
былі ў нецьвярозым стане. Але падпалкоўнік Савасьцюк настойваў на гэтым
і ў інтэрвію для “Радыё Свабода”:
(Савасьцюк: ) “Пры падыходзе калёны да вайскавога ланцужка было відаць,
што наперадзе гэтых грамадзянаў былі ў асноўным маладыя людзі ў нецьвярозым
стане, і некаторыя зь іх, якія асабліва блізка падыходзілі да вайскоўцаў,
адчувалі сябе незразумела як, але менавіта дзеяньнем алкаголю гэта не было,
бо не было паху алкаголю. У мяне асабіста склалося ўражаньне, што яны былі
пад узьдзеяньнем нейкіх іншых сродкаў, магчыма, наркатычных”.
На пытаньне “Чаму вайскоўцы пачалі хапаць людзей?” падпалкоўнік даў
такі адказ:
(Савасьцюк: ) “Калі, напрыклад, быў дазволены мітынг на плошчы Бангалёр,
якое права мелі законапаслухмяныя грамадзяне, якія змагаюцца за дэмакратыю
і парадак, парушаць закон? Я лічу, што ў нас цалкам канстытуцыйная дзяржава,
таму што кіраўніцтва нашай дзяржавы працуе так, каб яна выконвалася”.
Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, які быў сёньня апытаны ў якасьці сьведкі,
настойваў на тым, што менавіта дзеяньні вайскоўцаў падштурхнулі людзей
да кіданьня камянёў.
Судзьдзя задаволіў хадайніцтва абароны й зачытаў ліст лейтэнанта міліцыі
Алега Батурына пра дзеяньні “сілавікоў” 17 кастрычніка, які быў надрукаваны
ў “Народнай Волі”.
Старшыня “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў сёньняшняе
паседжаньне:
(Статкевіч: ) “Безумоўна, спадар Савасьцюк спрабаваў усяляк абяліць
дзеяньні сваіх падначаленых і свае асабістыя, але, па-сутнасьці, быў выкрыты,
найперш відэазапісам. Я зноў хачу падзякваць НТВ, ОРТ, РТР, што здымалі
пад час гэтых падзеяў, бо зараз вельмі проста. Абарона заявіла хадайніцтва,
уключылі відэа і папрасілі падпалкоўніка паказаць, дзе тут камяні, дзе
кідаюць, момант захопу, і што робяць яго падначаленыя з тымі, каго захапілі.
Пасьля гэтага адразу высьветлілася, што групы захопу былі і не яго падначаленыя,
і ён імі не кіраваў”,
– паведаміў Мікола Статкевіч.
Наступнае паседжаньне ў крымінальнай справе Валерыя Шчукіна й Міколы
Статкевіча прызначанае на заўтра.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1