Каля сотні сем'яў зь нямецкага Мюнстара празь ліставаньне ўсталявалі
партнэрскія сувязі зь беларусамі, што калісьці былі сасланыя на прымусовыя
работы ў Нямеччыну ў іхны горад. Немцы прыехалі ў Менск, каб асабіста сустрэцца
з гэтымі людзьмі.
Напярэдадні сьвята Перамогі ў Менску адбылася сустрэча сасланых у гады
вайны ў Нямеччыну беларускіх остарбайтэраў і прадстаўнікоў горада Мюнстара.
Нямецкіе сем'і ды сем'і былых остарбайтэраў, што працавалі ў Мюнстары,
усталявалі пэрсанальнае партнэрства.
Немцы штомесяц дапамагаюць беларусам грашовымі пераводамі, вядуць ліставаньне,
а напярэдадні 9 траўня змаглі зь імі асабіста пазнаёміцца, абмяняцца падарункамі.
Гаворыць арганізатар гэтай акцыі былы настаўнік, а цяпер пэнсіянэр зь
Мюнстара Вернэр Ліндэман:
“Спачатку я быў адзін, потым знайшоў сяброў і разам з бургамістрам Мюнстару
мы правялі прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой папрасілі падтрымкі. Сёньня
мы знайшлі ўжо 71 сям'ю, якая гатовая штомесяц пералічваць па пяцьдзясят
марак як маленькую пэнсію і дапамогу для людзей, якія былі у часе вайны
вывезеныя на працу ў Мюнстар і там страцілі здароўе. Акрамя таго, на заклік
адгукнуліся школьнікі, царкоўныя зьвязы, жаночыя арганізацыі, шмат маладых
і старых людзей. Мы спадзяемся, што гэта будзе на карысьць і Мюнстэру”,
– так сказаў арганізатар гэтае дабрачыннай акцыі Вернэр Ліндэман.
Выступаючы ў Менскім адукацыйным цэнтры перад сотняй сівавалосых людзей
з усіх куткоў Беларусі, якія калісьці былі остарбайтэрамі ў Мюнстары, Вернэр
Ліндэман выказаў шкадаваньне, што дарога да гэтых людзей знойдзеная вельмі
позна, і што немцы хацелі б ня толькі матэрыяльна дапамагаць беларусам,
але й захаваць для гісторыі іхныя раповяды пра жыцьцё ў выгнаньні. Дзеля
гэтага з нямецкай дэлегацыяй у Менск прыехалі тры прафэсійныя гісторыкі,
у тым ліку прадстаўнік дзяржаўнага архіву Мюнстэру.
Зь беларускага боку акцыю зарганізавала Асацыяцыя вязьняў канцлягераў
“Лёс”, старшыня якой Вольга Няхай паведаміла “Радыё Свабода”, што акцыя
пабудаваная выключна на грамадзянскай ініцыятыве й разьлічаная на два гады.
Гаворыць Вольга Няхай:
(Няхай: ) “Сутнасьць гэтай акцыі ў тым, каб разбудзіць у сэрцах людзей
такое пачуцьцё дабрыні, каб людзі маглі зразумець тое, што было, і што
ніколі-ніколі не забудзецца. Мы, беларусы, – вельмі добры і шчыры народ.
Працавітыя, добрыя, чулыя да гора іншых. І раптам мы знаходзім гэтыя ж
пачуцьці ў Нямеччыне, нават клясы дзяцей зьбіраюць грошы, каб аказаць дапамогу
гэтым бедалагам, якія былі рабамі ў нямецкім рэйху”.
– гаварыла Вольга Няхай з Асацыяцыі “Лёс”.
Беларускія пэнсіянэры, дзяцінства і юнацтва якіх прыпалі на вайну, матэрыяльна
жывуць вельмі дрэнна. Многія з былых мюнстэрскіх остарбайтэраў проста не
дачакаліся дапамогі. Гэтыя людзі ў савецкі час пасьля вяртаньня з вымушанага
выгнаньня падпалі пад падазрэньне з боку камуністычных уладаў, не змаглі
атрымаць адукацыю, добрую працу, як сьлед уладкаваць жыцьцё. Толькі ў вапошнія
гады, пасьля “перабудовы”, стаўленьне да гэтых людзей зьмянілася.
Былыя остарбайтэры шчыра дзякавалі за дапамогу й зазначалі, што новыя
пакаленьні немцаў не вінаватыя ў тым, што адбывалася ў часе вайны.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1