У гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра
“Народнае Грамады” Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна. Удзельнікі
паседжаньня знаёміліся зь відэастужкамі, на якіх зафіксаваныя падзеі 17
кастрычніка.
Сёньня судзьдзя Ігар Крот вырашыў абмежавацца праглядам відэастужак,
зробленых супрацоўнікамі Міністэрства нутраных справаў і КГБ, а таксама
фільма Беларускае тэлевізіі “Як гэта было”. Гэта той самы фільм, які ў
свой час стаў нагодаю да звароту ў суд спадарыні Цярлюкевіч з-за таго,
што тэлевядучы Зімоўскі абразіў удзельнікаў “Маршу Свабоды”.
Пад час прагляду відэастужак судзьдзя некалькі разоў падымаў і Шчукіна,
і Статкевіча, каб тыя пацьвердзілі, што на стужцы менавіта яны, і каб патлумачылі
свае дзеяньні ў той ці іншы момант.
Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў гэты працэс
“Радыё Свабода”:
(Статкевіч: ) “Па-сутнасьці, усе гэтыя кадры абвяргаюць абвінаваўчае
заключэньне, бо там відавочна, што я зрабіў усё магчымае на вуліцы Першамайскай,
каб не дапусьціць сутыкненьняў. Калі прарвалі першы ланцуг, там відаць,
што я рукамі разгарожваў тых, хто біўся паміж сабой. А другі момант – на
адной зь іх стужак відаць, як на рагу з вуліцай Пуліхава я зрабіў невялікі
ланцуг і спрабаваў павярнуць калёну на вуліцу Пуліхава, каб далей адцягнуць
той момант. Калі людзі разыходзіліся, дык выразна відаць, як раступіўся
ланцуг спэцназа, выскачылі салдаты тэрміновай службы ў форме АМАПа і пачалі
хапаць і зьбіваць людзей. Дэманстранты спыніліся, пачалі бараніць людзей,
а калі ўбачылі, што ляжаць камяні, яны пачалі бараніць сябе”,
– паведаміў Мікола Статкевіч.
Дэпутат Валеры Шчукін дадаў:
“Зь відэазапісу бачна, што менавіта міліцыя падбухторвала натоўп, каб
справакаваць людзей на супрацьпраўныя дзеяньні”, – лічыць Валеры Шчукін.
Разгляд крымінальнае справы лідэра “Народнае Грамады” Міколы Статкевіча
й дэпутата Валерыя Шчукіна будзе працягнуты заўтра ў Гарадзкім судзе Менску.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1