Сёньня ў Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомелю былі выкліканыя вядомыя
ў горадзе праваабаронцы Яўген Мурашка ды ягоная жонка Галіна Арцёменка.
Падставай для гэтага, як высьветлілася, была праведзеная ў горадзе 26 красавіка
гадзіна смутку па ахвярах Чарнобылю.
Спадара Мурашку выклікалі ў міліцыю яшчэ 30 красавіка – а палове восьмай
раніцы да яго на кватэру спэцыяльна прыяжджалі двое пасланцоў. Аднак, ня
маючы пісьмовае позвы, Яўген Мурашка ня стаў зьяўляцца ў аддзел па вусным
выкліку.
Позва з аддзяленьня грамадзкай бясьпекі і правапарадку прыйшла менавіта
сёньня, 2 траўня. А 10-й гадзіне спадар Мурашка і ягоная жонка Галіна Арцёменка
мелі гутарку з начальнікам райаддзелу міліцыі палкоўнікам Іванам Смолікавым
і кіраўніком аддзяленьня грамадзкай бясьпекі маёрам Алегам Майсенкам.
Міліцыянты абвінавацілі мужа і жонку ў парушэньні артыкулу 167 часткі
першай Адміністрацыйнага кодэксу, гэта значыць, парадку арганізацыі правядзеньня
мітынгаў, сходаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаў.
Як ведаюць слухачы, 26 красавіка ў чарговую, чатырнаццатую гадавіну
атамнай катастрофы прадстаўнікі дэмакратычных суполак гораду зарганізавалі
ў сквэры па вуліцы Савецкай гадзіну смутку па ахвярах Чарнобылю – радыяцыйнага,
эканамічнага й палітычнага. Гэта было зроблена таму, што ўлады ўжо каторы
год не дазваляюць праводзіць у цэнтры гораду ні мітынгаў, ні шэсьцяў. Нават
і з нагоды такой маштабнай трагедыі, як Чарнобыльская.
На гадзіну смутку Яўген Мурашка прыйшоў у чорнай накідцы з завязаным
чорнай стужкай ротам і плякатам на шыі “Божа, навошта нам і Чарнобыль,
і Лукашэнка?” Міліцыянты гэта расцанілі як несанкцыянаваны пікет, у прыватнасьці,
палкоўнік Гаркоў з абласной міліцэйскай управы, які ў цывільным адзеньні
прысутнічаў на гадзіне смутку, папярэджваў спадара Мурашку, што з-за плякату
ў яго будуць непрыемнасьці.
Тады прылюдна міліцыя ня стала зарыштоўваць Яўгена Мурашку, затое сёньня
ў адносінах да яе ў цэнтральным райаддзеле міліцыі быў складзены пратакол
аб правядзеньні несанкцыянаванага пікету. На 5 траўня спадару Мурашку выпісана
позва ў суд Цэнтральнага раёну. Такую ж позву атрымала і Галіна Арцёменка
– за тое, што пад час гадзіны смутку трымала плякат з выявай Божай маці
і памерлага ў яе на каленях бусла – сымбалю Чарнобыльскае бяды.
Казімір Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1