Саюз Беларускіх гэбрайскіх арганізацыяў падаў апэляцыю на рашэньне
Савецкага раённага суду Менску, які адмовіў у разглядзе іхнага зыску ў
абароне гонару й годнасьці да выдаўцоў кнігі “Вайна па законах нізасьці”,
у гарадзкі суд. Прадстаўнікі гэбрайскіх арганіазацыяў заяўляюць пра свой
намер дамагчыся справядівасьці.
Найбольш хвалюе прэзыдэнта Саюзу беларускіх гэбрайскіх арганізацыяў
і абшчынаў Леаніда Левіна той факт, што аніякія дзяржаўныя ворганы – ані
пракуратура, ані Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, ані Дзяржаўны
камітэт друку, – а таксама Беларускі экзархат Маскоўскае патрыярхіі Праваслаўнае
царквы аніяк не адрэагавалі на зьяўленьне антысэміцкай энцыкляпэдыі – кнігі
“Вайна па законах нізасьці”. Нават на зварот у Генэральную пракуратуру
пра факт распальваньня міжнацыянальнае варожасьці дасюль няма афіцыйнага
адказу…
Леанід Левін паведаміў, што прадстаўнікі гэбрайскіх арганізацыяў мелі
шмат сустрэчаў з нагоды выхаду гэтае кнігі і ў адміністрацыі “прэзыдэнта”,
і ў МЗС, і ў Камітэце ў справах рэлігіяў, сустракаліся нават з мітрапалітам
Філарэтам, але справа далей выказваньня словаў паразуменьня ў прыватнай
гутарцы не пайшла.
Гаворыць Леанід Левін:
“Кніга друкавалася ў дзяржаўнай друкарні, і прайшло ўжо столькі часу,
але мы не пачулі аніводнай афіцыйнай заявы ані па радыё, ані па тэлевізіі,
ані ў друку. Нас хвалюе маўчаньне тых людзей, якія мусяць адрэагаваць афіцыйна”,
– гаварыў Леанід Левін.
Гэбрайскія арганізацыі падалі апэляцыю ў гарадзкі суд на нядаўняе рашэньне
суду Савецкага раёну, які палічыў цемрашальскую кнігу з антысэміцкімі фальшыўкамі
“зьвесткамі навуковага характару”. Нэгатыўная рэакцыя на зьяўленьне гэтае
кнігі паступіла ўжо з Еўрапейскага гэбрайскага кангрэсу, з ЗША, Ізраіля.
Беларускія гэбраі зьбіраюць подпісы пад лістамі пратэсту. Бо калі не дамагчыся
асуджэньня выдаўцоў кнігі “Вайна па законах нізасьці”, як лічыць Леанід
Левін, заўтра могуць выйсьці ксэнафобскія выданьні пра татараў, палякаў
і беларусаў…
Гаворыць намесьнік прэзыдэнта Саюзу гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў
Якаў Басін:
“Відаць, ёсьць дастаткова моцныя колы, якія зацікаўленыя ў тым, каб
разыграць гэбрайскую карту і, можа быць, знайсьці нейкага нутранога ворага,
каб адхіліць увагу ад тых сацыяльных праблемаў, якія існуюць. Адкінуты
ўсякі сорам, цынічна й нахабна гавораць аб гэбраях, якія быццам бы перамаглі
Расею і далі клятву да канца стагодзьдзя захапіць сьвет… Калі дзяржава
ня можа й ня хоча абараніць гэбрайскую мяншыню – значыць, гэта камусьці
выгодна. Антысэмітызм заўсёды быў сродкам, а ня мэтаю… Калі дзяржава не
пакарае выдаўцоў гэтае кнігі за хлусьню, значыць, яна будзе адказная за
тое, што прынясе гэтая кніга!”, – гаварыў Якаў Басін.
Спадар Басін сумняецца, што гэбрайскім арганізацыям урэшце ўдасца дамагчыся
перамогі над выдаўцамі антысэміцкай энцыкляпэдыі ў судовым працэсе. І гэта
будзе азначаць пазбаўленьне ад ілюзіяў, што дзяржава можа абараніць ад
хлусьні й зьнявагі.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1