Бацькі менскіх падлеткаў абураныя тым, што адміністрацыі навучальных
установаў ужываюць недазволеныя меры, каб прадухіліць удзел юнакоў у апазыцыйных
акцыях, як гэта было перад Маршам Свабоды-2.
Каб не дапусьціць непаўнагадовых жыхароў Менску на “Марш Свабоды – 2”
адміністрацыі школаў, гімназіяў і вучэльняў ужывалі розныя захады ўзьдзеяньня.
Праваабарончы цэнтар “Вясна” ў сваім прэс-рэлізе паведаміў, што ў Акадэміі
кіраваньня студэнтаў запалохвалі разнастайнымі дысцыплінарнымі санкцыямі,
калі яны будуць заўважаныя ў шэрагах дэманстрантаў, а ў вадной менскай
вучэльні на дыскатэцы, прызначанае на 15 сакавіка, павінныя былі прысутнічаць
ня толькі ўсе навучэнцы, але й кіраўнікі групаў.
Паводле зьвестак, атрыманых “Радыё Свабода”, адміністрацыі некалькіх
сярэдніх школаў Савецкага, Цэнтральнага, Першамайскага й Партызанскага
раёнаў Менску загадалі сваім вучням зьняць налепкі з сымболікаю “Маршу
Свабоды” з ранцаў. Акрамя гэтага дзяжурныя мусілі былі зьняць са сьценаў
школы знакамітыя налепкі “Стоп-Лука”.
Адміністрацыі яшчэ некалькіх школаў загадалі 15 сакавіка ад 18-е гадзіны
праводзіць дыскатэкі. У менскай гімназіі № 9 перад вучнямі нават быў пастаўлены
ўльтыматум: або прысутнічаць на школьнай акцыі, або забіраць дакумэнты
й пакідаць гімназію.
У тых школах, дзе не плянавалася праводзіць дыскатэкі, адміністрацыя
загадала клясным настаўнікам патэлефаніць бацькам кожнага свайго вучня
й папярэдзіць іх, каб не пускалі сваіх дзяцей на апазыцыйную акцыю. Пры
гэтым некаторыя настаўнікі палохалі бацькоў тым, што паводле нейкіх таямнічых
крыніцаў на “Маршы Свабоды” адбудзецца нешта вельмі страшнае і зусім небясьпечнае
для падлеткаў.
Маці аднага вучня Валянціна Бяляўская паведаміла нашаму радыё:
(Бяляўская: ) “У той дзень, як павінен быў адбыцца Марш Свабоды-2, зранку,
недзе каля гадзін васьмі, патэлефанавала клясная кіраўніца майго сына,
які вучыцца ў 138-й школе і папрасіла, каб у гэты дзень мой сын ня ўдзельнічаў
у акцыі, каб не было ніякіх непрыемнасьцяў, каб ён ня трапіў у нейкую сытуацыю,
– проста не пускаць. Аб гэтым папрасіла яе кіраўніцтва школы. Ёй самой
было вельмі няёмка, але, відаць, такое заданьне было дадзенае, і таму яна
вконвала яго. Я была таксама вельмі разгубленая, таму сказала, што мы будзем
глядзець па абставінах, але што такая інфармацыя раней да нас ніколі не
паступала”
– гаварыла Валянціна Бяляўская.
Зразумела, што адміністрацыя навучальных установаў пайшла на гэтыя захады,
каб пазьбегнуць тых наступстваў, якія былі пасьля правядзеньня мінулага
“Маршу Свабоды – 1”. Тады былі зьбітыя і трапілі ў міліцэйскія пастарункі
дзясяткі непаўнагадовых юнакоў. Акрамя таго, ніхто не жадае быць выкліканым
“на прачуханку” да раённага кіраўніцтва.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1