Мытны хаўрус паміж Беларусьсю й Расеяй стаў прычынаю канфлікту
паміж расейскім Вярхоўным судом і Мытным камітэтам. У выніку грамадзяне
атрымалі магчымасьць вывозіць тавары з трэціх краінаў празь Беларусь у
Расею без дадатковай аплаты мытаў у расейскі бюджэт. Ня выключана, што
ў выніку Расея можа перагледзець дамову аб мытным хаўрусе.
Пагадненне аб мытным хаўрусе, якое было падпісанае ў 1995 годзе, прадугледжвае,
што паміж Беларусьсю й Расеяй няма мытных бар’ераў. А калі нехта ўвозіць
тавары на тэрыторыю мытнага хаўрусу, ён плаціць мыты той дзяржаве, дзе
ён спачатку меркаваў выкарыстоўваць гэтыя тавары.
Першапачаткова прадугледжвалася, што краіны мытнага хаўрусу ўвядуць
аднолькавыя мыты. Але ж на практыцы высьветлілася, што ня ўсё так проста.
У Беларусі й Расеі розныя інтарэсы, і з пачатку йснаваньня хаўрусу бакі
так і не дамовіліся пра ўніфікацыю мытных тарыфаў на шматлікія тавары.
Кіраўнік інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павал Данэйка лічыць –
“У краіны, якая перарабляе сыравіну, іншыя прыярытэты, чым у краіны, якая
сыравіну вывозіць. Таму аднолькавых мытных пошлінаў у Расеі і Беларусі
быць ня можа”.
Калі расейцы гэта зразумелі, яны паспрабавалі абараніць свой бюджэт,
які страціў вялічэзныя сумы на таварах, што йшлі празь Беларусь. Ужо ў
96-м годзе Мытны камітэт Расеі прыняў правілы, згодна зь якімі тыя, хто
прывезьлі тавары ў Расею празь Беларусь, павінны заплаціць у расейскі бюджэт
розьніцу ў пошліне.
Дарэчы, па шматлікіх таварах, у тым ліку – па аўтамабілях, розьніца
складае даволі значную суму. Расейская грамадзянка Жана Гаўрыленка, чый
брат зь Беларусі хацеў падарыць ёй аўтамабіль, не захацела рабіць даплату
й зьвярнулася ў Вярхоўны суд Расеі, які вырашыў справу на яе карысьць.
На юрыдычнай мове гэта называецца прэцэдэнтам, гэта значыць, што цяпер
кожны можа не плаціць дадаткова грошы ў расейскі бюджэт. У выніку ў Беларусі
можа аднавіцца бізнэс у вывазе “іншамарак” у Расею.
Павал Данэйка лічыць: “Я вітаю гэтае рашэньне суду. Яно паставіць на
месца палітыкаў, якія ня думаюць пра наступствы сваіх палітычных кампаніяў.
Ня выключана, што ў двухбаковыя дакумэнты будуць унесеныя зьмены. Таму
што мытны хаўрус як мытны хаўрус існаваць ня можа. Расея і Беларусь маглі
б стварыць зону свабоднага гандлю, у якой тавары зь дзьвюх краінаў маглі
б перасоўвацца бяз мытаў, а тавары з трэціх краінаў – з мытамі”.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1