На Берасьцейшчыне Луніненцкі, Пінскі ды Столінскі раёны найбольш забруджаныя
радыёнуклідамі. У той жа час гэтыя мясьціны называюць трускалкава-агурэчным
краем. Ці заўсёды правяраецца гэтая прадукцыя на ўзровень забруджанасьці
радыёнуклідамі? Якія вынікі гэтых праверак?
У сэзон лунінецкія трускалкі ды пінскія агуркі можна сустрэць амаль
на кожным кірмашы Беларусі, а таксама ў суседніх краінах. Тысячы палешукоў
за прыкладна два месяцы сэзону імкнуцца прадаць вынікі сваёй працы, каб
нешта набыць ды працянуць на гэтыя грошы да канца наступнага ўраджаю.
Пасьля чарнобыльскай ката-строфы, у выніку якой на Берасьцейшчыне найбольш
пацярпелі трускалкава-агурэчныя раёны, нічога не зьмянілася, вырошчваць
менш ня сталі. Але быў уведзены абавязковы радыялягічны кантроль. Перад
тым, як атрымаць дазвол на гандаль, на ўсіх кірмашах прадукцыя мусіць прайсьці
ў тым ліку й праз радыялягічную экспэртызу. Аднак, як нам паведамілі ў
лябараторыі пінскага кірмашу, сёлета не было ніводнага выпадку, каб колькасьць
радыёнуклідаў у трускалках і агурках перавысіла дапушчальныя нормы.
Такая ж сытуацыя і на кірмашах у Лунінцы ды Століне. Гэтую інфармацыю
пацьвердзілі і ў гарадзкіх эпідэміялягічных станцыях у Пінску, Лунінцы,
Століне. У размове з нашым карэспандэнтам спадар Сідарэвіч, старшыня Пінскага
раённага таварыства спажыўцоў, якое, у прыватнасьці, займаецца скупкай
трускалак у насельніцтва, нават не спрабаваў узгадаць, калі апошні раз
у іх знаходзілі радыяцыю. І калі адносна агуркоў, якія вырошчваюцца ў цяпліцах,
гэтая інфармацыя яшчэ вартая даверу, дык тое, што трускалкі з забруджаных
тэрыторыяў зусім чыстыя, выклікае сур’ёзны недавер.
Прыкладам, у найбольш забруджаных вёсках на Лунінеччыне Вулька-2 і Добрая
Воля, жыхары якіх маюць права на адсяленьне, вырошчваюць шмат трускалак.
І ўсе яны, паводле афіцыйнай інфармацыі, чыстыя. У той час, калі шмат іншых
сельгаспрадуктаў гэтай жа тэрыторыі забруджаныя.
Гэтаксама і ў Давыд-Гарадку, і ў вёсцы Альманы, што на Століншчыне,
ды ў Невелі і Міхавічах на Піншчыне. Зрэшты, на кірмашах прадаецца вельмі
малая частка ўраджаю трускавак і агуркоў. Агуркі сяляне ў асноўным здаюць
перакупшчыкам, якія пастаянна скупаюць іх проста ў вёсках. Зразумела, што
ў часе скупкі ніякага радыяцыйнага кантролю няма.
Што да трускалак, дык, акрамя перакупшчыкаў, вельмі шмат ягад прадаецца
ўздоўж шашы Берасьце – Гомель на ўчастку Пінск-Мікашэвічы, дзе землі значна
забруджаныя. Там сяляне прадаюць трускалкі адразу з поля, і пра радыяцыйны
кантроль ня можа быць і гаворкі.
Варта адзначыць, што жыхары нашай вобласьці ўсё ж маюць шанец паесьці
чыстых трускалак. У суседняй Польшчы гэтыя ягады ў два-тры разы танейшыя
за беларускія. І чаўнакі ўжо зарганізавалі дастаўку ды продаж польскіх
трускалак на Беларусь.
Аляксей Дзікавіцкі
Пінск
Пінск