У дзень зацьменьня ўсе позіркі скіраваныя на Сонца.
Кароткі момант адвечнага суіснаваньня сьвятла й ценю, калі той становіцца
гаспадаром, перамагае і захоплівае тэрыторыю сьвятла.
Апошняе ў ХХ стагодзьдзі астранамічнае зацьменьне ў Беларусі цягнулася
каля дзьвюх хвілінаў. Увогуле, найдаўжэй Месяц можа засланіць Сонца толькі
на сем з паловаю хвілінаў. У беларускім жыцьці ХХ стагодзьдзя, наадварот,
гэтак сама коратка, як зацьменьні, панавала сьвятло – спачатку БНР, потым
новай незалежнасьці пачатку 90-х. На беларусаў доўгі цень у ХХ стагодзьдзі
падаў адразу зь дзьвюх суседніх сталіцаў – з Усходу й Захаду.
Але Сонца ці цень – выбар, які ўвесь час стаіць і перад самой Беларусьсю.Уся
краіна – як прыродны асяродак крата, зь якім на пачатку стагодзьдзя параўнаў
свой народ паэт. “Загляне сонца і ў наша ваконца” – яшчэ адзін паэтычны
голас зь цемры, адтуль, дзе няма Cонца. “На прастор, на шырокі разлог выхадзі,
мой народ, грамадою” – заклік трэцяга нацыянальнага клясыка, таксама зьвернуты
ў царства змроку, падзем’е.
Толькі на вольнай арбіце нябеснае цела не залежыць ад чужога ценю.
Да Сонца – нацыянальная задача стагодзьдзя. Аляксандар Лукашук
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асьляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Да Сонца – нацыянальная задача стагодзьдзя. Аляксандар Лукашук