Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя лідэры Кітаю атрымаюць ў спадчыну карупцыю


Шматдзённы зьезд Камуністычнай партыі Кітаю 14 лістапада скончыў працу. А ў чацьвер Цэнтральны камітэт КПК прызначыць членаў палітбюро, назаве імёны новых кіраўнікоў партыі і дзяржавы.

Цяперашні кіраўнік КПК і генэральны сакратар яе цэнтральнага камітэту Ху Цзіньтао заявіў перад больш чым двума тысячамі дэлегатаў, што зьезд быў важным крокам у працягу справы сацыялізму кітайскага ўзору.

На мінулым тыдні ў першыя дні працы зьезду гучалі крытычныя заўвагі. У прыватнасьці, у праграмным дакладзе Ху Цзіньтао адзначалася, што небясьпека нарастаньня карупцыі ў партыйным асяродку магла пагражаць «крахам партыі і разбурэньнем дзяржавы».

Зьезд прызнаў, што партыі пагражае карупцыя, якая ўсё больш распаўсюджваецца, аднак выказаў упэўненасьць у пераадоленьні гэтай хваробы сіламі КПК – у «лячэньні хваробы без радыкальнага хірургічнага ўмяшаньня».

У сваім заключным выступе Ху Цзіньтао заклікаў партыю да адзінства і ўкараненьня рэформаў.

У чацьвер новы Цэнтральны камітэт КПК у складзе 200 членаў абярэ палітбюро і назаве імёны новага будучага кіраўніцтва партыі і дзяржавы. Як чакаецца, Ху Цзіньтао сыдзе з пасады партыйнага кіраўніка, каб перадаць уладу свайму спадкаемцу, намесьніку старшыні і новаабранаму Генэральнаму сакратару КПК – Сі Цзіньпіну. Апошняга і яшчэ аднаго з намесьнікаў прэм'ера КНР, Лі Кэцян, абралі ў склад Цэнтральнага камітэту партыі, яны зьяўляюцца першымі спадкаемцамі двух цяперашніх лідэраў КНР – старшыні Ху Цзіньтао і яго прэм'ер-міністра Вэнь Цзябао.

Імя заснавальніка Кампартыі Кітая, Мао Цзэдуна, застаецца паважаным у партыі і дзяржаве, хоць Кітай вызначае больш новую ідэалёгію Дэн Сяопіна, які пачаў рэформы ў краіне ў 1992 годзе. Апроч карупцыі, новыя лідэры Кітаю атрымаюць у спадчыну запаволеньне эканамічнага росту, нарастаньне сацыяльнай незадаволенасьці і напружаныя адносіны са сваімі суседзямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG